
1 жніўня ў Беластоку ў прасторы “Новая Зямля” была прэзентаваная беларуская кніга паэзіі «І крыж каменны вырасьце, як дрэва» – гэта выбраныя вершы вядомага гарадзенскага паэта Юрыя Гуменюка, які трагічна загінуў 13 гадоў таму ў Гародні, дзе жыў, працаваў, напісаў дзіцячыя п’есы, раман і вершы.

Кніжку невялікага фармату ў серыя выпусціла польскае выдавецтва EkoPress. Падрыхтаваў кнігу да выдання Алесь Аркуш. Менавіта ён і вёў прэзентацыю. З успамінамі пра асобу гарадзенскага паэта Юры Гуменюка выступілі таксама Яўген Вапа, Уладзімір Хільмановіч, Уладзімір Арлоў. А паэтка Ванда Марцінш адмыслова прыехала на прэзентацыю з Літвы і прачытала адзін верш Гуменюка і адзін свой.




Юры Гуменюк працаваў у гарадзенскай газеце “Пагоня”, у Гарадзенскім лялечным тэатры, на Беларускім Радыё Рацыя, друкаваўся як паэт і публіцыст у розных іншых выданнях. Трагічна загінуў у веку 43 гадоў. Афіцыйная версія смерці — самагубства.
Прэзентацыя сабрала два дзясяткі чалавек і доўжылася паўтары гадзіны.
