
Гарадзенскі гарвыканкам у сувязі з моцнай залевай, якая абрынулася ўвечары 1 жніўня на Гродна, заклікаў жыхароў горада пацярпець і быць асцярожнымі.
Улады Гродна прызнаюць, што пасля моцных і працяглых ападкаў, якія прайшлі ў Гродне, у горадзе ўзніклі сур’ёзныя праблемы з адводам дажджавой вады. Сцвярджаецца, што праз вялікую колькасці ападкаў ліўневая каналізацыя часова не справілася з нагрузкай.
У выніку былі падтопленыя асобныя ўчасткі дарог і тратуараў, што ўскладніла рух транспарту. Таксама зафіксаваныя выпадкі затаплення падземных пешаходных пераходаў і аўтамабіляў, прыпаркаваных у нізінных месцах.

З фота і відэа відаць, што многія вуліцы затопленыя, а некаторыя машыны апынуліся ў вадзе амаль цалкам.
Пад ударамі стыхіі апынуўся практычна ўвесь горад, паведамленні пра затапленне прыходзяць з розных раёнаў.
