
фота Белсат
Улетку 2025 года Беларусь пасля перамоваў са Злучанымі Штатамі пачала вызваляць палітвязняў. Аднак разам з вызваленнямі з’явілася і новая практыка: людзей амаль адразу вывозілі за межы краіны. Менавіта гэтаму прысвечаны новы даклад Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вызваленне праз выгнанне: высылка журналістаў-палітвязняў з Беларусі». Ягоныя аўтары мяркуюць, што прымусовая высылка можа быць не толькі парушэннем правоў чалавека, але і злачынствам супраць чалавечнасці.
Амаль 450 вызваленых
Даследаванне ахоплівае дзве хвалі вызваленняў.
Першая пачалася летам 2025 года. За некалькі месяцаў былі вызваленыя і вывезеныя з краіны 192 асобы. Сярод іх – 14 журналістаў: Андрэй Кузнечык, Ігар Карней, Ірына Слаўнікава, Павел Мажэйка, Аляксандр Манцэвіч, Ларыса Шчыракова, Яўген Меркіс, Алена Цімашчук, Вячаслаў Лазараў, Ігар Лосік, Марына Золатава, Аляксандр Фядута, Мікалай Дзядок і Павел Падабед. Разам з імі Беларусь пакінулі блогеры Дзмітрый Казлоў і Павел Вінаградаў.
Другая хваля адбылася ў сакавіку 2026 года пасля візіту ў Менск спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла. Тады ўлады абвясцілі пра вызваленне яшчэ 250 зняволеных. 15 чалавек былі вывезеныя ў Літву, сярод іх журналістка Кацярына Бахвалава (Андрэева) і блогер Эдуард Пальчыс.
Галоўнай навіной тады стала вызваленне палітвязняў. Значна менш увагі надавалася таму, што практычна адразу па выхадзе з вязніцы шмат каго з іх вывозілі за межы Беларусі.
Свабода без права выбару
Са сведчанняў былых палітвязняў складваецца практычна аднолькавы сцэнар.
Людзей нечакана выводзілі з камераў, не тлумачачы прычынаў. Затым перадавалі супрацоўнікам КДБ, вывозілі з калоніяў або следчых ізалятараў, перасаджвалі ў аўтобусы і дастаўлялі да дзяржаўнай мяжы. У даследаванні гэты працэс падзелены на пяць паслядоўных этапаў.
Найбольш прынцыповая акалічнасць – ніхто загадзя не ведаў, што яго збіраюцца вызваліць.
,,
«Ніхто з журналістаў-зняволеных не ведаў загадзя пра вызваленне і высылку. Больш за тое, большасць з іх ніколі не падпісвала прашэнне аб памілаванні. Ні ў кога з журналістаў не запытвалі ні фармальнай, ні нефармальнай згоды на высылку з краіны, і ніхто з іх такой згоды не даваў. У некаторых выпадках падчас высылкі журналісты адкрыта заяўлялі пра сваё нежаданне пакідаць Беларусь, якое было праігнараванае», – гаворыцца ў дакладзе.
Менавіта адсутнасць згоды робіцца адным з ключавых аргументаў даследавання. Высылка, як сцвярджаецца ў дакладзе, не была добраахвотным выбарам вызваленых.
«Нам нічога не тлумачылі»
Паводле сведчанняў вызваленых, супрацоўнікі спецслужбаў не прадстаўляліся, не тлумачылі, куды іх вязуць, і адмаўляліся адказваць на пытанні. У некаторых выпадках людзей перавозілі ў кайданках і з мяхамі на галаве, суправаджаючы працэс пагрозамі і абразамі.
Ігар Карней згадвае, што да самага перасячэння мяжы ніхто не разумеў, што адбываецца:
«Нам нічога не тлумачылі, проста кудысьці везлі. На руках – кайданкі, на галовах – мяшкі, а на суседніх сядзеннях – канваіры. У такіх умовах было немагчыма перагаворвацца з іншымі палітвязнямі, мы не разумелі, што адбываецца».
Павел Падабед кажа, што любыя размовы былі забароненыя з самага пачатку.
,,
«Выйшаў начальнік калоніі і кажа, што зараз нам усё растлумачаць. Следам зʼявіўся моцны дзядзька ў цывільным, у медычнай масцы, у кепцы, з пісталетам на баку і кажа: «Зараз едзем, не размаўляем. Крок улева, крок управа – страляем». Як высветлілася, нас было сямёра, і іх было сямёра. І ніхто нічога не кажа», – згадвае Падабед.
Вызвалілі, але не патлумачылі – на якой падставе
Нявызначанасць захоўвалася і па вызваленні.
«Ніводзін з журналістаў не атрымаў якіх-небудзь дакументаў, якія пацвярджалі б іхны цяперашні статус. Яны не маюць уяўлення, на якіх прававых падставах былі вызваленыя і высланыя з уласнай краіны», – гаворыцца ў дакладзе.
Такое ж пытанне застаецца і ў Паўла Мажэйкі.
,,
«Яшчэ мне вельмі цікавы адзін момант: ніхто ніводнай фразай не растлумачыў мне мой статус, ці магу я вяртацца ў Беларусь», – сказаў журналіст.
Яшчэ адна дэталь, на якую звяртаюць увагу аўтары даследавання, датычыць дакументаў. Частку вызваленых вывезлі без пашпартоў. Пазней Вячаслаў Лазараў, Эдуард Пальчыс і Дзмітрый Казлоў даведаліся, што іхныя беларускія пашпарты прызнаныя несапраўднымі.
Злачынства супраць чалавечнасці
Галоўная выснова дакладу датычыць юрыдычнай ацэнкі таго, што адбылося. У БАЖ мяркуюць, што прымусовая высылка вызваленых журналістаў і блогераў можа падпадаць адразу пад дзве катэгорыі злачынстваў супраць чалавечнасці, прадугледжаных артыкулам 7 Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда: дэпартацыю і пераслед.
Аўтары дакладу мяркуюць, што ў выпадку з дэпартацыяй выконваюцца ўсе неабходныя крытэры. Журналістаў прымусова вывезлі з краіны, яны законна знаходзіліся на яе тэрыторыі, а законных падставаў для іхнага выдварэння не існавала.
«У выпадках, якія разглядаюцца, журналісты, знаходзячыся пад фізічным кантролем прадстаўнікоў улады, былі прымусова вывезеныя з Беларусі непасрэдна з месцаў пазбаўлення волі. Нагадаем, што ніхто з журналістаў не даваў сваёй згоды на высылку», – гаворыцца ў даследаванні.
Асобна разглядаецца пытанне перамоваў паміж Менскам і Вашынгтонам. У дакладзе падкрэсліваецца, што нават калі вызваленне стала магчымым дзякуючы палітычным дамоўленасцям, гэта само па сабе не робіць прымусовую высылку законнай.
«Дэпартацыя не становіцца законнай толькі таму, што яна ажыццяўляецца на падставе палітычных пагадненняў, сфармуляваных у гуманітарных тэрмінах», – гаворыцца ў дакладзе.
Другім магчымым злачынствам супраць чалавечнасці ў даследаванні названы пераслед паводле палітычных матываў. На думку аўтараў, журналістаў пазбаўлялі волі менавіта праз іхную прафесійную дзейнасць і прыналежнасць да групы людзей, якіх беларускія ўлады лічаць палітычнымі праціўнікамі.
«Журналісты – нароўні з праваабаронцамі, адвакатамі, прафсаюзнымі дзеячамі – успрымаюцца беларускай уладай як частка “крытычна настроеных або тых, хто знаходзіцца ў апазіцыі”», – гаворыцца ў дакладзе.
Паводле ацэнкі БАЖ, прымусовая высылка стала працягам гэтай палітыкі.
Выгнанне як працяг рэпрэсіяў
Да гэтага часу вызваленне палітвязняў успрымалася найперш як безумоўная гуманітарная перамога. Даклад не ставіць гэта пад сумнеў. Аднак ён прапануе паглядзець на тое, што адбылося, з іншага боку: калі чалавек выходзіць з турмы толькі для таго, каб пад кантролем сілавікоў пакінуць уласную краіну без права выбару і без тлумачэння свайго прававога статусу, такая практыка патрабуе асобнай прававой ацэнкі.
Менавіта таму даклад БАЖ прапануе разглядаць прымусовую высылку не як спадарожную акалічнасць вызвалення, а як самастойную форму палітычных рэпрэсіяў.
Белсат
