
Беларускі ПЭН апублікаваў маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры
Аналітычны матэрыял апісвае стан беларускай культуры з студзеня па чэрвень.
Матэрыял падрыхтаваны на падставе абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа з адкрытых крыніц, праз асабістыя кантакты і непасрэдную камунікацыю з дзеячамі культуры. Інфармацыя адлюстроўвае сітуацыю, якая існуе на момант падрыхтоўкі матэрыялу, і можа ўдакладняцца пры атрыманні новых звестак.
У першым паўгоддзі 2026 года адбыліся некалькі вызваленняў палітычных зняволеных, у тым ліку дзеячаў культуры. 19 сакавіка былі памілаваны 250 чалавек, сярод якіх – 22 прадстаўнікі сферы культуры (18 чалавек змаглі застацца ў Беларусі, чацвёра былі прымусова высланы). 28 красавіка на свабоду выйшаў Андрэй (Анджэй) Пачобут, журналіст, паэт і сябра Саюза палякаў на Беларусі, за вызваленне якога больш за пяць гадоў паслядоўна змагаўся польскі бок.
Аднак гэтыя падзеі не прывялі да змянення агульнай сітуацыі ў краіне і ў сферы культуры ў прыватнасці – працягваліся рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў культуры, прадстаўнікоў культурных арганізацый і іншых удзельнікаў культурнага жыцця. Захоўваліся цэнзура, дзяржаўны кантроль над сферай культуры, практыка выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства і пераслед за рэалізацыю культурных правоў як унутры краіны, так і за яе межамі.
«Самым частым відам рэпрэсій у гэты перыяд стала прызнанне матэрыялаў на культурную тэматыку і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» (224 выпадкі). На другім месцы – цэнзура (102 выпадкі, з улікам спіса друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюду ў Беларусі, – 33). Трэцяе месца займае абвяшчэнне дзеячаў культуры ўдзельнікамі «экстрэмісцкіх фарміраванняў» (59)».
