Дзяніс Івашын

Пасля пераводу з Жодзіна ў Магілёўскую “папраўчую” калонію на строгі рэжым аднавілася сталая сувязь з палітвязнем, гарадзенскім журналістам Дзянісам Івашыным.

Жонка палітвязня Вольга Івашына паведамляе: Часовы лаг паміж напісаньнем Дзянісам пасланьняў і атрыманьнем іх намі імкліва скарачаецца. І нарэшце маці Дзяніса атрымала ад яго першы пасьля пераводу ў Магілеў віншавальны ліст №168 за 27.07. Дзяніс яшчэ раз віншуе маці з Народзінамі і фактычна апісвае сытуацыю з тэлефонным званком, калі ён ня змог паразмаўляць зь ёй праз адсутнасьць мабільнай сувязі.

Вольга Івашына таксама піша, што Дзяніс урэшце датэлефанаваўся да яе і яны змаглі паразмаўляць.

Напомнім, што Дзяніс Івашын — вядомы беларускі журналіст-расследавальнік, журналіст выдання «Новы Час» і валанцёр міжнароднай супольнасці InformNapalm, быў затрыманы 12 сакавіка 2021 года. Ён быў засуджаны па справе аб «здрадзе дзяржаве» да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У ліпені бягучага году пасля трох гадоў строгага рэжыму ў жодзінскай турме Івашына перавялі ў магілёўскую калонію нумар 15.