лічыльнік радыяцыі

фота ілюстрацыйнае

У Беларусі абнавілі пералік населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

Як паведамілі ва ўрадзе, у 2021—2025 гадах Міністэрства прыродных рэсурсаў і Міністэрства аховы здароўя правялі абследаванне забруджаных тэрыторый. Спецыялісты адбіралі ўзоры глебы і ацэньвалі дозавыя нагрузкі на насельніцтва. Вынікі нібыта паказалі значнае паляпшэнне радыяцыйнай сітуацыі ў шэрагу населеных пунктаў.

Паводле ранейшага пераліку, зацверджанага ў 2021 годзе, у зонах радыеактыўнага забруджвання знаходзіліся 2022 населеныя пункты, дзе жылі каля 930,6 тысячы чалавек, а таксама 49 аб’ектаў.

Новы пералік скарачае гэтую колькасць. Цяпер у зонах забруджвання застануцца 1845 населеных пунктаў — на 177 менш. Колькасць жыхароў, якія жывуць на такіх тэрыторыях, зменшыцца з 930,6 тысячы да 364,2 тысячы чалавек, гэта значыць амаль на 566 тысяч. Таксама з пераліку выключылі 16 аб’ектаў — замест 49 іх засталося 33.

Сярод населеных пунктаў, якія больш не будуць адносіцца да зон радыеактыўнага забруджвання, названыя Гомель, Лунінец, Лельчыцы і Іўе.

Новая пастанова пачне дзеіць з 1 студзеня 2027 года. 

Пры гэтым для дзяцей, якія жывуць або вучацца ва ўстановах адукацыі на тэрыторыях, што выводзяцца з катэгорыі забруджаных, захоўваецца права на бясплатнае харчаванне да чэрвеня 2027 года.

Наша Ніва