
14 гадоў ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Гэтая дата закліканая падтрымаць тых, хто змагаецца за правы чалавека. Гэты маштабны крызіс працягваецца, а ціск на актывістаў не спыняецца. Сённяшнія рэаліі: тысячы ліквідаваных арганізацый і пастаянны ціск
Паводле даных арганізацыі Lawtrend, на канец чэрвеня 2026 года грамадзянская супольнасць Беларусі знаходзіцца ў надзвычай цяжкіх умовах. З пачатку постэлектаральнага крызісу 2020 года сектар страціў не менш за 2044 некамерцыйныя арганізацыі. З іх як мінімум 1244 арганізацыі былі ліквідаваныя прымусова, а каля 800 прынялі рашэнне аб самаліквідацыі з-за немагчымасці працаваць пад ціскам. Нягледзячы на прымусовую зачыстку і рэпрэсіі, многія ініцыятывы і арганізацыі працягваюць сваю працу за межамі краіны.
Дадатковым інструментам ціску стала новае заканадаўства. У чэрвені 2026 года быў прыняты закон аб дзяржаўнай рэгістрацыі, які ўводзіць новыя фільтры для стварэння арганізацый. Цяпер пры рэгістрацыі прыватных устаноў і асацыяцый дзяржорганы павінны атрымліваць інфармацыю ад структур, адказных за нацыянальную бяспеку, што стварае новыя бар’еры для грамадскай актыўнасці.
Гісторыя дня: ад арышту Алеся Бяляцкага да міжнароднай акцыі
Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі адзначаецца штогод 4 жніўня з 2012 года. Гэтая дата была абраная не выпадкова: менавіта ў гэты дзень у 2011 годзе быў арыштаваны вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі. Акцыя была задуманая для дэманстрацыі салідарнасці з грамадзянскімі сіламі Беларусі і аказання маральнай падтрымкі праваабаронцам і грамадзянскім актывістам, якія працягваюць сваю працу ў краіне.
«Мы будзем адзначаць гэты дзень штогод, да таго часу, пакуль становішча грамадзянскай супольнасці ў Беларусі не зменіцца: пакуль у краіне не перастануць саджаць у турму за праваабарончую дзейнасць і пакуль у ёй не будуць гарантаваныя фундаментальныя свабоды: свабода выказвання думкі, сходаў і аб’яднанняў», — гаварылася ў Маніфесце Дня салідарнасці.
Акцыя хутка набыла міжнародны маштаб. У розныя гады яе падтрымлівалі арганізацыі з больш чым 18 краін свету, уключаючы ЗША, Вялікабрытанію, Германію і Літву. Людзі па ўсім свеце адпраўляюць паштоўкі і лісты падтрымкі беларускім палітвязням, каб паказаць, што іх барацьба застаецца ў фокусе міжнароднай увагі.
Гэты дзень з’яўляецца сімвалам веры ў «іншую» Беларусь — краіну без смяротнага пакарання і незаконных затрыманняў. Арганізатары акцыі перакананыя, што сітуацыя ў Беларусі з’яўляецца паказальнай для многіх іншых краін, дзе актывісты падвяргаюцца пераследу, а ўлады адчуваюць сябе непадкантрольнымі.
Слова Алесю Бяляцкаму
З нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі «Вясна» пагутарыла з чалавекам, з затрымання якога гэты дзень распачаўся. Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, нават знаходзячыся ў зняволенні, заставаўся адным з галоўных маральных аўтарытэтаў для беларускага і міжнароднага грамадства. Спадар Алесь паразважаў, чым сённяшні ціск на грамадзянскую супольнасць адрозніваецца ад ранейшага, а таксама падкрэсліў ключавыя моманты салідарнасці, якія важныя для нашай краіны цяпер.
— Гэты дзень адзначаецца з нагоды гадавіны вашага арышту ў 2011 годзе — у якім стане грамадзянская супольнасць Беларусі цяпер, у параўнанні з тым днём 15 гадоў таму?
— 15 гадоў таму была магчымасць абмежаванай дзейнасці грамадзянскай супольнасці ў самой краіне. Зараз такой магчымасці практычна няма. Але тыя грамадска-палітычныя, культурніцкія ініцыятывы, актыўныя асобы, якія вымушаныя былі выехаць з Беларусі, працягваюць працаваць на карысць беларускага народу. І робяць гэта ярка, таленавіта, з імпэтам. Гэта актыўнасць, безумоўна, уплывае і на грамадскае жыццё ў самой Беларусі, якое зараз як тая Няміга: сышло пад зямлю, але не спынілася, бурліць недзе там, чакае свайго часу.
— Чаму можна сцвярджаць, што цяпер рэпрэсіі — гэта ўжо не проста ціск, а мэтанакіраванае фізічнае і юрыдычнае вынішчэнне грамадзянскай супольнасці Беларусі?
— Улады і раней насцярожана ставіліся да непадкантрольных грамадскіх ініцыятываў, абмяжоўвалі рэгістрацыю, відочную дзейнасць, актывізм, але цярпелі іх, недаацэньваючы іхнюю значнасць і ўплыў на жыццё людзей. Пасля 2020-га году быў узяты курс на знішчэнне грамадзянскай супольнасці: закрыццё грамадскіх арганізацыяў, ініцыятываў, абвяшчэнне любой незалежнай грамадскай дзейнасці экстрэмізмам, рэпрэсіі супраць грамадскіх актывістаў, дзеячоў культуры. У Беларусі наступіў час чорнай, скрайняй рэакцыі.
— Чаму пад татальны ўдар трапілі нават тыя ініцыятывы (экалагічныя, культурныя, дабрачынныя), якія ніколі не мелі прамога дачынення да палітыкі?
— У гэтай постсавецкай аўтарытарнай, а можа ўжо і таталітарнай сістэме, выбудаванай Лукашэнкам на ўзор турмы, усё павінна быць пад кантролем. У гэтым і хібнасць і слабасць гэтай сістэмы. Бо беларускае грамадства паказала ў 2020-м годзе, што яно не ўспрымае такую мадэль развіцця і выступае за дэмакратычную Беларусь з еўрапейскімі каштоўнасцямі, дзе б паважаліся годнасць і правы чалавека.
— Як на фоне глабальнай ваенна-палітычнай турбулентнасці ўтрымаць увагу міжнароднай супольнасці да нашага крызісу?
— Гэта адна з галоўных і натуральных задачаў усіх беларускіх актывістаў, якія апынуліся за мяжой. Рэжым можна змусіць адступіць, пашырыць прастору свабоды ў Беларусі, урэшце змяніць сітуацыю на карысць дэмакратычнага развіцця Беларусі з дапамогай міжнароднага ціску.
— Як захаваць сувязь і пазбегнуць расколу паміж той часткай грамадзянскай супольнасці, якая працуе ў выгнанні, і той, што застаецца ўнутры краіны пад пагрозай крымінальнага пераследу?
— У нас адныя мэты і задачы, у нас адная Бацькаўшчына, усе мы хочам бачыць Беларусь вольнай, незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай краінай. Усе мы працуем дзеля гэтага і кожны мусіць рабіць што можа. Галоўнае, не даць нам ізаляваць сябе ад людзей. Поле вялікае, сейбітаў мала.
— Якой міжнароднай салідарнасці грамадзянскай супольнасці Беларусі бракуе цяпер?
— Мы мусім дабіцца згоднага разумення ў Еўропе, што без Беларусі еўрапейская палітычная, культурная, эканамічная супольнасць – не поўнавартасная, што нашыя праблемы – гэта праблемы ўсёй Еўропы. Ад еўрапейскай Беларусі выйграюць урэшце ўсе.
spring96.org
