
Беларусаў пазбавілі магчымасці атрымаць анлайн інфармацыю, ці забаронены ім выезд з краіны. Адпаведны сэрвіс на сайце МУС больш недаступны, заўважыла выданне Onliner.
У МУС сказалі, што скасаванне сэрвісу не звязана з тэхнічным збоем. Прычынай назвалі змены ў парадку працы банка даных грамадзян, права на выезд якіх часова абмежаванае.
Работу гэтага банка даных змянілі ў адпаведнасці з новым указам. Ён рэгулюе абмен інфармацыяй паміж МУС і іншымі дзяржаўнымі органамі, якія могуць прымаць рашэнні па часовай забароне на выезд. Таксама гэтым дакументам уводзяцца новыя патрабаванні па абароне інфармацыі, што захоўваецца ў базе.
Цяпер для атрымання інфармацыі па абмежаванні выезду беларус павінен асабіста звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства. Як заяўляюць у МУС, адказ павінен быць дадзены цягам аднаго працоўнага дня.
