Самыя вялікія класы — пачатковыя, там па 7—8 чалавек. А самы малалікі клас — сёмы, піша Радыё Свабода.

Беларуская школа ў Варшаве была заснаваная ў 2022 годзе як анлайн– і афлайн-прастора для беларускіх дзяцей, якія апынуліся ў Польшчы і іншых краінах свету пасля падзей 2020 года. Пачыналі чатыры гады таму са 150 вучняў і 15 настаўнікаў.
У 2024 годзе колькасць ахвотных вучыцца ў Варшаве і філіялах школы ў розных гарадах Польшчы дасягала паўтысячы, расказвае дырэктар школы спадар Алесь.
«Аднак філіялы школы, якія былі ў сямі гарадах Польшчы, цяпер працуюць самастойна. Школа засталася толькі ў Варшаве, таму дзяцей значна менш. Самыя вялікія — пачатковыя класы. Там па 7—8 чалавек, а самы малалікі клас — сёмы. Там толькі двое вучняў.
Ведаю прыкладную колькасць беларускіх навучэнцаў у польскіх школах — а гэта каля 30 тысяч, таму мне сорамна называць сапраўдную колькасць дзяцей у беларускіх школках, якіх у горадзе некалькі. Таму звяртаюся да суайчыннікаў: праявіце патрыятычную актыўнасць», — заклікае спадар Алесь.
Веды па асноўных прадметах юныя беларусы атрымліваюць у школах, ліцэях і гімназіях у краінах, дзе яны цяпер жывуць, а вось прадметы беларускага кампанента вывучаюць менавіта ў Беларускай школе ў Варшаве. Тут выкладаюць беларускую мову і літаратуру, гісторыю, геаграфію, мастацтва Беларусі, а таксама сусветнае мастацтва.
Афлайн-заняткі праходзяць па суботах. Дзеці маюць магчымасць кантактаваць з беларускамоўнымі аднагодкамі і настаўнікамі.
Разам яны займаюцца, весяляцца на перапынках, развучваюць беларускія песні і танцы, сябруюць, успамінаюць родныя і не такія блізкія мясціны.
Дырэктар школы спадар Алесь падкрэслівае, што канцэпцыя навучання ва ўстанове грунтуецца на тым, што праграмы прадметаў звязаныя з афіцыйнымі беларускімі адукацыйнымі праграмамі, што надае навучанню сістэмнасць.
«Нашы вучні не адстаюць ад сваіх аднагодкаў на радзіме і пры спрыяльных умовах могуць без страт працягнуць вучобу ў Беларусі. Тым больш што класіфікацыю класаў мы захавалі ранейшай. Але ў нас адсутнічае навязлівы ідэалагічны складнік беларускіх дапаможнікаў. Замест гэтага настаўнікі падбіраюць матэрыялы з найлепшых узораў беларускай і сусветнай літаратуры і культуры, якія выхоўваюць любоў да Бацькаўшчыны, развіваюць нацыянальную ідэнтычнасць і вернасць прынцыпам дэмакратыі. Настаўнікі — людзі з вялікім вопытам працы, маюць высокія прафесійныя катэгорыі ў сферы адукацыі, з’яўляюцца пераможцамі конкурсаў. Многія маюць вучоныя ступені кандыдатаў і дактароў навук», — запэўнівае дырэктар Беларускай школы ў Варшаве спадар Алесь.
Міністэрства адукацыі Польшчы штогод дае беларускім дзецям магчымасць бясплатна займацца ў сучасна абсталяваных навучальных кабінетах.
