Варшава

Сталіца Польшчы Варшава

За ліпень міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі толькі 14 беларусаў (дзесяць — статус уцекача, чатыры — дадатковую абарону). Па 82 заявах беларусаў на абарону былі вынесеныя негатыўныя рашэнні. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы ўпраўлення па справах замежнікаў Польшчы.

Раней паведамлялася, што ў чэрвені па беларускіх заявах было вынесена 52 адмоўныя рашэнні і 25 станоўчых.

Агулам сёлета беларусы атрымалі 165 адмоваў у міжнароднай абароне. У ведамстве кажуць, што станоўчыя рашэнні былі вынесеныя ў 79%. Ад пачатку года 246 нашых суайчыннікаў атрымалі статус бежанца і 376 — дадатковай абароны.

Польскія чыноўнікі патлумачылі, што цяпер часцей даюць статус уцекача, бо хадайніцтвы падаюць людзі, якія маюць дакументальна пацверджаныя сведчанні свайго палітычнага пераследу ў Беларусі. Раней (2022-2024 гг.) большасць заяваў грунтавалася “на агульнай сістэмнай пагрозе краіне, што давала мігрантам права на дадатковую абарону”.

Большую колькасць адмоўных рашэннях па хадайніцтвах польскія чыноўнікі патлумачылі ўзмацненнем праверак: “Павелічэнне колькасці адмоваў (165 толькі ў 2026 годзе) звязанае з значна больш строгай праверкай заяў з боку ўпраўлення па справах замежнікаў. Заявы адхіляюцца ў дачыненні да тых, хто спрабуе выкарыстоўваць працэдуру надання статусу ўцекача выключна ў эканамічных мэтах або хто не можа прадэманстраваць рэальную рызыку рэпрэсій пасля вяртання ў сваю краіну”.