
11 жніўня, а 7:15 раніцы памёр беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч Аляксандр Мілінкевіч.
Аляксандр Мілінкевіч — беларускі навуковец, палітык і грамадскі дзеяч, адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў дэмакратычнага руху Беларусі. Нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гародні. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладаў ва ўніверсітэце, працаваў у сферы навукі і мясцовага самакіравання, займаўся гісторыяй і краязнаўствам.
У 2005 годзе Мілінкевіч быў абраны адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Пасля выбараў ён стаў адным з сімвалаў мірнага супраціву аўтарытарызму і грамадзянскай барацьбы за свабоду і дэмакратыю. У 2006 годзе Еўрапейскі парламент узнагародзіў яго прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
Пазней Аляксандр Мілінкевіч узначальваў рух «За Свабоду», падтрымліваў развіццё беларускай грамадзянскай супольнасці, адукацыі і нацыянальнай культуры. Ён быў таксама адным з заснавальнікаў Вольнага беларускага ўніверсітэта і яго канцлерам.
25 лістапада 2025 года Аляксандру Мілінкевічу зрабілі аперацыю па выдаленні тромба, які закрываў 80% соннай артэрыі. Падчас аперацыі ўтварыўся моцны крывацёк, пасля чаго палітык быў у цяжкім стане ў рэанімацыі. Лекары ўвялі яго ў медыкаментозны сон і ўрэшце здолелі стабілізаваць сітуацыю. З таго часу палітык знаходзіўся на стацыянарным лячэнні ў лякарні.
