мяжа Літвы

Літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота / ELTA

Літва плануе ўзмацніць абарону мяжы з Беларуссю і Расеяй. Урад краіны ўхваліў прапановы Мінабароны пра капанне равоў шырынёй у дзясяткі метраў, а таксама аднаўленне балот.

Сродкі контрмабільнасці плануецца разгарнуць на ўчастках шырынёй 20 метраў (у асобных месцах — да 150 м). Гэта разнастайныя віды загародаў — процітанкавыя равы і “вожыкі”, “зубы цмока” ды іншыя. Колькасць пунктаў захоўвання такіх сродкаў вырасла з 27 да 50. Усе, у тым ліку падрыхтоўка мастоў да мініравання, павінна быць уведзена ў лад да 31 снежня 2028 года.

Таксама для спынення наступу літоўцы плануюць аднавіць балоты каля мяжы. Гэты праект мяркуецца завяршыць да канца 2030 года.

На літоўска-беларускай мяжы знаходзіцца каля 59 тысяч гектараў балот, каля паловы з іх асушаныя.

У Мінабароны Літвы падлічылі, што на гэтыя дадатковыя меры можа спатрэбіцца 50 мільёнаў еўра са сродкаў, вылучаных бюджэтам на 2026-2030 гады.

Еўрарадыё