
Шэсць беларускіх праваабарончых арганізацыяў 14 жніўня апублікавалі супольную заяву з патрабаваннем перагледзець прысуды 20 асобам, якіх пазбавілі волі за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мірных сходаў і права на асацыяцыю. Усіх іх ужо вызвалілі, аднак без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды.
Пад заяваю падпісаліся Праваабарончы цэнтр «Вясна», Прававая ініцыятыва, Lawtrend, Беларускі ПЭН, Беларускі Хельсінкскі камітэт і Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Праваабаронцы адзначаюць, што пасля выбараў 2020 года ўлады Беларусі працягваюць пераслед людзей за выказванне меркаванняў, удзел у мірных пратэстах, распаўсюд інфармацыі, падтрыманне пратэсных ініцыятываў і антываенныя выказванні.
Паводле аргументацыі праваабаронцаў, у шэрагу выпадкаў пра пераслед становіцца вядома толькі напярэдадні або пасля вызвалення чалавека, таму праваабарончая супольнасць не заўсёды магла своечасова прызнаць такіх асобаў палітычнымі зняволенымі. Пры гэтым вызваленне не азначае спынення наступстваў палітычнага пераследу: былыя палітвязні могуць заставацца ў «спісах экстрэмістаў і тэрарыстаў», а прысуды не пераглядаюцца і не адмяняюцца.
У заяве пералічаныя крытэры, паводле якіх чалавека прызнаюць палітычным зняволеным. Сярод іх – пазбаўленне волі за палітычныя, рэлігійныя або іншыя перакананні, за негвалтоўнае ажыццяўленне свабоды думкі і выказвання, свабоды мірных сходаў і асацыяцыяў, а таксама за негвалтоўную дзейнасць дзеля абароны правоў чалавека.
Асуджаныя ці ўзятыя пад варту выключна за выказванне меркавання без прамых заклікаў да гвалту, распаўсюд інфармацыі і ўдзел у мірных сходах, на думку праваабаронцаў, цалкам адпавядалі гэтым крытэрам у перыяд пазбаўлення волі.
У заяве згадваюцца 20 чалавек: Георгій Белавусаў, Юрый Бернат, Іван Бурлік, Віктар Вярбіцкі, Яўген Гомельскі, Аляксандр Дзмітрук, Уладзімір Кандрацюк, Алег Каспяровіч, Мікалай Кісялёў, Іван Краўцоў, Мікіта Ломскі, Юрый Мядзведзік, Аляксандр Паповіч, Таццяна Сухавей, Сяргей Сухавараў, Кацярына Суслава, Ангеліна Тамковіч, Ігар Фамянок, Ігар Фогелеў і Георгій Чаўшнік.
Праваабаронцы ацэньваюць іхны пераслед як палітычна матываваны, звязаны з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў у звязку з абвешчанымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, агрэсіяй Расеі супраць Украіны ды іншымі грамадска значнымі падзеямі.
У дачыненні гэтых асобаў праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна перагледзець законнасць іхнага ўтрымання пад вартай і зняволення, перагледзець крымінальныя справы з мэтай адмены прысудаў, цалкам рэабілітаваць іх і скампенсаваць прычыненую шкоду, а таксама спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне ў цэлым.
