Пазапланавае адключэнне другога энергаблока Беларускай АЭС ад сеткі ў канцы ліпеня 2026 года магло быць выклікана аварыйнай сітуацыяй — працечкай вады ў корпусе турбагенератара. Пра гэта са спасылкай на крыніцу на станцыі піша “Люстэрка”.

26 ліпеня прэс-служба БелАЭС паведаміла аб адключэнні другога энергаблока ад сеткі. Праз дзевяць дзён кіраўніцтва станцыі заявіла, што энергаблок зноў уключаны ў работу пасля правядзення дыягнастычных мерапрыемстваў электратэхнічнага абсталявання. Крыніца выдання на БелАЭС, якая пажадала застацца ананімнай, сцвярджае, што спыненне не было планавым.

“Сапраўднай прычынай стала павышаная вільготнасць у корпусе турбагенератара ТГ-2. Гэта адбылося з-за разгерметызацыі сістэмы падводу вады і яе працякання ў корпус аднаго з асноўных элементаў функцыянавання АЭС”, — расказала крыніца. 

Паводле яе даных, вытворцам і абслугоўваючай кампаніяй турбагенератара з’яўляецца расійская кампанія “Сілавыя машыны”. Атрымаць каментарыі ад кіраўніцтва АЭС і ў самой кампаніі “Люстэрку” не ўдалося.

Спецыяліст аддзела энергетычнай бяспекі iSANS Яўген Макарчук адзначыў, што падобная няспраўнасць не магла прывесці да сур’ёзных наступстваў з пункту гледжання ядзернай бяспекі, паколькі паломкі на генератарах, як правіла, не прыводзяць да аварый з выхадам радыяцыі.