Да Дзяніса Адаміна, здаецца, дачапіліся за каментары ў тэлеграме.

Дзянісу Адаміну 45 гадоў. Ён з Гародні. Мае жонку і непаўналетнюю дачку.
Улетку 2020 года Адамін зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік. Ягоным асноўным відам дзейнасці быў збор грыбоў, ягад і зёлак.
Мужчына — праваслаўны вернік. У лютым 2020 года ён быў слухачом на сустрэчы, прысвечанай багаслоўскай адукацыі для свецкіх, якая праходзіла ў праваслаўным клубе пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў Гродне.
У сацсетках Дзяніс шмат разважаў пра духоўныя законы, называў свабоду фундаментальнай патрэбай чалавека і востра крытыкаваў дзеянні Маскоўскага патрыярхату. Ён пісаў у сацсетках на беларускай мове.
Цяпер Дзяніса Адаміна судзяць паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса — «распальванне варожасці». Найхутчэй, падставай для пераследу сталі ягоныя каментары ў тэлеграме.
Акаўнт Дзяніса ў тэлеграме быў неабаронены, зарэгістраваны на ягоны тэлефонны нумар і падпісаны ягоным уласным імем.
КГБ уключыў Адаміна ў «спіс тэрарыстаў».
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Гэта выклікала масавыя народныя пратэсты, у якіх удзельнічалі мільёны людзей. У адказ на гэта ўлады распачалі арышты.
Паводле падлікаў аб’яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10 050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) зачапілі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
Наша Ніва
