
Праз спёку і засуху ў Еўропе вымушана спыняюцца ці зніжаюць магутнасці АЭС: вядома пра выпадкі ў Румыніі, Вугоршчыне і Францыі. «Белсат» распытаў экспертаў, ці можа тая ж праблема закрануць БелАЭС.
«Запас вады для Беларусі – досыць значны»
Пакуль сітуацыя ў Беларусі выглядае досыць спакойна, сказаў «Белсату» адмысловец аддзелу энергетычнай бяспекі iSANS Яўген Макарчук:
«Запас вады для Беларусі досыць значны. Але пры гэтым тэмпература ўплывае праз два кірункі. Першы – гэта засуха і фізічнае скарачэнне даступнай вады. Праз гэта спыняюцца блокі на АЭС у Вугоршчыне і ў Францыі».
Паводле яго, з гэтым у Беларусі «больш-менш нармальна»: «Сток у Вяллі можа рэгулявацца дзякуючы запасам вады ў Вялейскім вадасховішчы. Адпаведна можна падтрымліваць пэўны ўзровень за кошт большага скіду з вадасховішча. Яшчэ ёсць варыянты падлучэння Альхоўскага і Снігянскага (Рачунскага) вадасховішчаў».
Другі эфект, дадаў адмысловец, – тэмпература вады. «Пры росце тэмпературы навакольнага асяроддзя магутнасць градзірні будзе скарачацца і вада, якая вяртаецца з градзірні, і вада, якая забіраецца з ракі, будзе мець больш высокую тэмпературу. Гэта прывядзе да росту тэмпературы і скарачэння вакууму ў кандэнсатарах турбіны, што прывядзе да зніжэння магутнасці турбіны АЭС. Гэта не прывядзе да спынення ўсяго блоку, але можа прымусіць скараціць магутнасць на некалькі адсоткаў», – мяркуе Макарчук.
Спякота для БелАЭС больш небяспечная за засуху
Градзірні ратуюць БелАЭС ад наступстваў працяглай засухі і моцнага падзення ўзроўню вады ў Вяллі, сказаў «Белсату» радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб і нагадаў, што менавіта вежы-градзірні мы бачым на фота і пазнаём паводле іх БелАЭС.
«БелАЭС меней адчувальная да падзення ўзроўню вады ў Вяллі, чымся старыя еўрапейскія АЭС з праматочным ахалоджваннем. Рачная вада для Беларускай АЭС збіраецца не велізарным транзітам, а вельмі кропкава, толькі для кампенсацыі выпарэння і так званых тэхналагічных прадзіманняў», – адзначыў эксперт.
Але, дадаў Бесараб, «галоўная тэхналагічная ўразлівасць для БелАЭС хаваецца менавіта ў гэтым зваротным скідзе, бо градзірні выпарваюць чыстую ваду і назапашваюць у сістэме, у сваіх чашах даволі высокаканцэнтраваны хімічна-мінеральны расол, які станцыя вымушаная бесперапынна зліваць у Вяллю». «Працяглы скід такіх канцэнтраваных адкідаў у абмялелую праз спёку і перагрэтую раку немагчымы, бо хутка прывядзе да незваротнай экалагічнай катастрофы і дасць наступствы для ўсяго рэгіёну», – кажа радыяцыйны хімік.
Эксперт пагадзіўся, што такім чынам падзенне вады ў Вяллі наўпрост не ўплывае на БелАЭС, але пры гэтым БелАЭС можа паўплываць на раку. А для самой станцыі нашмат больш небяспечным фактарам ёсць высокая тэмпература паветра і асабліва яе спалучэнне з высокаю вільготнасцю, так званы вільготны тэрмометр, як у саўне.
«Калі нізкі ўзровень Вяллі яшчэ можна некалькі дзён кампенсаваць вадою з уласных басейнаў БелАЭС, то спякота адразу абмяжоўвае фізіку выпарэння, той самы эфект вільготнага тэрмометра. І ў градзірнях, па-першае, падае цяга, па-другое, знікае турбінны вакуум, і блок патрэбна тэрмінова разгружаць», – патлумачыў эксперт.
Бесараб мяркуе, што такія ўмовы складуцца прыблізна пры тэмпературы ад + 33 °C да + 35 °C, поўным штылі і высокай вільготнасці. У выніку можа быць згубленае ад 10 % да 50 % цеплавой і электрычнай магутнасці.
БелАЭС будавалася ў парадыгме клімату ХХ стагоддзя
Сяргей Бесараб адзначае, што праект АЭС каля Астраўца «ствараўся ў парадыгме клімату XX стагоддзя». Адпаведна, хоць усталяваныя там сістэмы бяспекі рэактараў «здольныя ўратаваць станцыю ад радыяцыйнай аварыі», але ёсць уразлівасць станцыі ў іншым.
«Калі тэмпературныя пікі ставіліся ў 38–40 °C, яны лічыліся кароткачасовымі і разлічваліся на тое, што будуць трываць гадзіны, максімум дні. А сучаснае глабальнае пацяпленне прыносіць анамаліі, пры якіх спякота стаіць тыднямі. І, безумоўна, такі працяглы марафонскі тэрмаўдар у праекце БелАЭС проста не ўлічваўся», – падкрэсліў радыяцыйны хімік.
Эксперт апісаў, што будзе ў выпадку працяглай засухі, якая цяпер адбываецца ў некаторых краінах Еўропы. Найперш праз падвышаную тэмпературу пачнуцца абмежаванні на электрычную магутнасць блокаў. Па-другое, пры дасягненні нейкага мінімуму ўзроўню Вяллі Міністэрства прыроды і навакольнага асяроддзя будзе вымушанае забараніць забор адтуль вады.
«Станцыя пяройдзе на працу на ўласным назапашаным водным аб’ёме. І толькі тады, калі гэты мінімальна неабходны запас скончыцца і не будзе магчымасці ці нейкага шанцу папаўнення, то бок у сістэме фізічна не будзе чым кампенсаваць незваротныя страты выпарэння, тады турбінныя энергаблокі будуць спыненыя зусім. Але гэта вельмі доўга можа трываць, месяцамі», – дадаў эксперт.
Пры гэтым суразмоўца мяркуе, што румынскі ці французскі сцэнары прыпынення АЭС для захавання біясферы, «каб не зварылася рыба ў рацэ праз беспасярэдні перагрэў», у Беларусі нерэальныя.
Перадусім таму, што «як бы мы ні ставіліся да Расеі, але “Росатом” сваю справу ведае», рэактары ў АЭС каля Астраўца сучасныя, БелАЭС мае градзірні. Але працяглы перагрэў можа паказаць, што «хвалёнае расейскае пакаленне рэактараў да сучасных кліматычных рызык таксама не гатовае ці значна менш гатовае, чымся абяцалі і бачылі праектавальнікі».
«Як бы гэта цынічна ні гучала, ва ўмовах адсутнасці незалежнага экалагічнага кантролю раку, хутчэй за ўсё, улады Беларусі будуць душыць да апошняга. Таму беларусам можна не пераймацца. Ніхто не будзе глядзець на экалогію, на рыбу, будуць проста ваду цягнуць, пакуль яна будзе», – патлумачыў Бесараб.
Спыняць працу, дадаў эксперт, толькі калі не з экалагічных ці этычных прычынаў немагчыма будзе працаваць на абмялелай Вяллі, а проста фізічна: «Але гэта некалькі месяцаў такой цеплавой хвалі. То бок пакуль на гэтым этапе кліматычных зменаў гэта выключны выпадак».
Адключэнне АЭС справакуе ў краіне веерныя блэкаўты
Сяргей Бесараб таксама звярнуў увагу на тое, што беларуская энергасістэма адрэзаная ад еўрапейскай і не мае доступу да хуткага імпарту электрычнасці з яе. Таму «раптоўнае прасяданне магутнасці рэактара на фоне невялікай колькасці рэзервовых магутнасцяў амаль гарантавана справакуе ў краіне веерныя блэкаўты».
«Змяншэнне генерацыі электрычнасці не толькі будзе відаць у працы самой станцыі, а зробіцца маштабным ударам па эканоміцы, – мяркуе Бесараб. – Таму гэта заўважаць не толькі працаўнікі станцыі ці эколагі, а ўсе беларусы».
Белсат
