
Гістарычную сядзібу Чачотаў — Бохвіцаў у Падароску Ваўкавыскага раёна нарэшце прадалі. За маёнтак на аўкцыёне 20 жніўня змагаліся 10 прэтэндэнтаў. У выніку яго кошт вырас са стартавых 450 рублёў амаль да 201 тысячы рублёў, піша «Радыё Свабода».
Таргі на Беларускай універсальнай таварнай біржы працягваліся 4 гадзіны 17 хвілін. За гэты час удзельнікі зрабілі 4457 ставак. Новым уладальнікам стала юрыдычная асоба з Менску. Іншыя падрабязнасці пакуль не паведамляюцца.
Да гэтага сядзібу некалькі разоў спрабавалі прадаць. З лістапада 2025 года яе выставілі на аўкцыён чатыры разы, пачаткова вызначыўшы кошт больш чым у 2,16 мільёна рублёў. Аднак ніводнага ахвотнага тады не знайшлося.
Раней маёнтак належаў расейскаму бізнэсмэну з беларускімі каранямі Паўлу Падкарытаву, вядомаму сваёй надзвычайнай прыхільнасцю і асабістай заангажаванасцю ў беларускае нацыянальнае адраджэнне. Ён набыў сядзібу ў 2013 годзе прыкладна за 118 тысяч даляраў і планаваў стварыць там турыстычны комплекс. За дзесяць гадоў інвестар уклаў у праект каля мільёна даляраў, падвёў камунікацыі і аднавіў уязную браму. У палацы таксама дзеіла часовая экспазіцыя ў 14‑ці залах, прысвечаная гісторыі шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расейскай Імперыі.
У 2023 годзе ўлады канфіскавалі сядзібу ў папярэдняга інвестара, заявіўшы пра невыкананне ім умоў. Насамрэс у гэтым выразна відаць палітычны падтэкст, бо канфіскацыя супала з шырокай кампаніяй па разгроме ў Беларусі ўсіх праяваў незалежнай ад уладаў грамадскай актыўнасці. Некалькі ключавых супрацоўнікаў «Маёнтка Падароск» былі арыштаваныя і пэўны час правялі за кратамі.
Пасля гэтага маёнтак зноў пачалі выстаўляць на продаж.
Падароская сядзіба ёсць гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Яе пабудавалі ў канцы XVIII стагоддзя. Маёнтак цягам гісторыі меў шмат уладальнікаў, а апошнімі з іх былі прадстаўнікі роду Бохвіцаў. Раман Бохвіц быў сынам вядомага філосафа Фларыяна Бохвіца. Ягонага сына Отана савецкія ўлады арыштавалі ў 1939 годзе, пазней ён памёр у турме ў Ваўкавыску.
Паводле ўмоў цяперашняга продажу, новы ўладальнік павінен пачаць выкарыстоўваць маёнтак не пазней чым праз тры гады пасля падпісання дамовы куплі-продажу альбо ў тэрміны, вызначаныя праектнай дакументацыяй.
