Палітвязень Глеб Рыбчанка, які з 2026 года адбывае 14-гадовы тэрмін у папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку, ужо тройчы трапляў у штрафны ізалятар. Таксама была спроба накіраваць яго ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Праваабаронцам стала вядома, што адміністрацыя калоніі стварае яму праблемы, верагодна, праз выкарыстанне беларускай мовы.

Глеб Рыбчанка цяпер знаходзіцца ў 7-м атрадзе ПК № 1 у Наваполацку. Паводле новай інфармацыі, ён ужо тройчы пабываў у штрафным ізалятары (ШІЗА). Таксама была спроба накіраваць яго ў ПКТ. Пасля ўнясення ў сакавіку 2026 года ў спіс асоб, датычных да “тэрарыстычнай дзейнасці”, не атрымлівае грашовыя пераводы і не мае магчымасці рабіць пакупкі ў краме пры калоніі.
Цяпер стала вядома і пра верагодны пераслед за размовы па-беларуску. Да гэтага могуць быць датычныя супрацоўнікі адміністрацыі 7-га атрада.
Асобна звяртаецца ўвага на сітуацыю з лістамі: карэспандэнцыя ад Глеба не даходзіць да родных і блізкіх. Таксама палітвязень абмежаваны ў атрыманні пасылак, спатканнях і тэлефонных званках. Фактычна палітвязень апынуўся ў калоніі без падтрымкі.
Праблемы з перапіскай суправаджалі палітвязня і раней. Да суда ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 у Пашковічах і ў Гарадзенскай турме № 1. Паведамлялася, што лісты адтуль таксама не даходзілі, а сувязі з вонкавым светам фактычна не было.
Глеб Рыбчанка — 31-гадовы нараджэнец Гародні, IT-спецыяліст. Доўгі час ён жыў і працаваў пад Пецярбургам. У вольны час ён захапляўся відэа- і настольнымі гульнямі. У беларускіх чатах, паводле “Вясны”, Глеб заўсёды перапісваўся па-беларуску. Быў затрыманы 13 траўня 2023 года. Яго звінавацілі ў “распальванні варожасці” (ч. 1 арт. 130 КК), “абразе Лукашэнкі” (ч. 1 арт. 368 КК), “паклёпе на Лукашэнку” (ч. 1 і ч. 2 арт. 367 КК), “дыскрэдытацыі Беларусі” (арт. 369‑1 КК), “закліках да дзеянняў, накіраваных на шкоду Беларусі” (ч. 3 арт. 361 КК), “удзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі” (ч. 2 арт. 290-4), “падрыхтоўцы да здзяйснення тэрарыстычнага акту арганізаванай групай або ў выніку якога загінуў чалавек” (ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК) і “падрыхтоўцы да прывядзення ў нягоднасць шляхоў зносінаў ці транспартнага сродку” (ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 309 КК).
Пазней Гарадзенскі абласны суд прызначыў асуджанаму 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пасля апеляцыі Вярхоўны суд скараціў тэрмін да 14 гадоў.
“Вясна” звязвае пераслед палітвязня з магчымай падтрымкай Украіны. Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што яго імя было ў злітай базе “чорнага спісу” Цэнтрабанка Расеі: прычынай блакавання грашовай аперацыі называлася магчымае “фінансаванне тэрарызму”. Паводле версіі “Вясны”, гаворка магла ісці пра спробу зрабіць данат Палку Каліноўскага ў сакавіку 2022 года.
spring96.org
