
будынак КГБ у Гародні на вуліцы Тэльмана
Пры рэгістрацыі грамадзянскіх ініцыятываў іх заснавальнікаў будзе абавязкова правяраць Камітэт дзяржбяспекі. Такое новаўвядзенне пачне дзейнічаць у дачыненні да прыватных установаў і асацыяцый, піша праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Гэтая мера прадугледжаная новым законам “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання”, прынятым 1 чэрвеня 2026 года. Новы парадак набудзе моц ад 1 ліпеня 2027 года.
Праваабаронцы разглядаюць такія змены як працяг “зачысткі” грамадзянскай супольнасці, якая пачалася з лета 2021 года. “Улады метадычна закрываюць нават нязначныя прагалы ў заканадаўстве, якімі няўрадавыя ініцыятывы маглі скарыстацца для легальнага афармлення сваёй грамадскай дзейнасці”, — адзначаюць у “Вясне”.
У форме прыватных установаў раней існавалі некаторыя праваабарончыя арганізацыі, якія не маглі зарэгістравацца ў Мінюсце як грамадскія аб’яднанні. Нават падчас ліквідацыйнай кампаніі з’яўляліся новыя НКА ў форме прыватных установаў. Як падлічылі праваабаронцы з Lawtrend, у 2021-2025 гадах у Беларусі было зарэгістравана 136 новых прыватных установаў, 36 новых фондаў, 106 новых грамадскіх аб’яднанняў.
Як адзначаюць праваабаронцы, пры новым парадку юрыдычная рэгістрацыя прыватных установаў і асацыяцый будзе залежаць не ад паўнаты пададзеных дакументаў і іх адпаведнасці патрабаванням закона, а ад рашэння КГБ наконт асабістых якасцяў заснавальнікаў НКА.
