калаж

Рэпрэсіўная машына ў Беларусі ўсё больш засяроджваецца на тых, хто знаходзіцца па-за межамі краіны, спрабуючы крыміналізаваць любыя праявы міжнароднай актыўнасці і ўвагі да краіны. 

На 18 жніўня 2026 года ў Беларусі існуе 376 “экстрэмісцкіх фармаванняў” — і як мінімум 19 з іх звязаныя з замежнымі арганізацыямі. Геаграфія пераследу пашырылася на ўвесь свет — ад суседняй Польшчы да далёкага Лас-Вегаса, тэматыка ахоплівае разнастайныя сферы жыцця — ад медыя да адукацыі, а агульная колькасць “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, звязаных з замежжам, толькі за няпоўны 2026 год папоўнілася дзесяткамі новых пазіцый. 

Замежныя фармаванні і арганізацыі: ад прафсаюзаў да ўніверсітэтаў

Тэндэнцыя прызнання замежных структур «экстрэмісцкімі фармаваннямі» пачала афармляцца яшчэ ў 2022 годзе як ціск на арганізацыі, якія відавочна звязаныя з беларусамі. У ліпені пад удар трапіў «Прафесійны саюз беларусаў у Брытаніі» (PUBB), які займаецца абаронай правоў працоўных і кансалідацыяй супольнасці ў Лондане. Гэтая хваля працягнулася праз год, калі экстрэмісцкім быў прызнаны польскі фонд «Reka Wielkej Pomocy», які аказвае гуманітарную і юрыдычную дапамогу беларускім уцекачам. Ужо ў кастрычніку 2023 года статус фармавання атрымала «Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой» (ABBA) — пляцоўка для падтрымкі рэлакаваных прадпрымальнікаў і развіцця эканамічных сувязяў.

У 2024 годзе рэпрэсіўны ахоп стаў яшчэ больш маштабным. У студзені і сакавіку пад забарону трапілі эстонскія фонды «Fund of Belarus Friend LTD» і «Fund of Belarus friends» MTU, якія займаюцца зборам сродкаў для падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў. Да абодвух фондаў нібыта меў дачыненне грамадзянін Эстоніі Алан Роя, які правёў у беларускім зняволенні больш за паўтара года. Яго асудзілі да шасці гадоў калоніі, а пасля вызвалілі па памілаванні. 

Тады ж, у лютым 2024 года, «экстрэмістамі» была абвешчана ўся сетка «Народных пасольстваў», якая выконвае функцыі альтэрнатыўнага дыпламатычнага прадстаўніцтва беларусаў за мяжой. 

Асаблівае месца сярод «экстрэмісцкіх фармаванняў» займае «DW Беларусь» (беларуская служба Deutsche Welle), якая афіцыйна трапіла ў гэты спіс у красавіку 2024 года. Гэты статус атрымаў не толькі асноўны сайт медыя, але і цэлы шэраг яго пляцовак: ад YouTube-каналаў да Telegram-ботаў, якія забяспечваюць доступ да незалежнай інфармацыі ў абыход цэнзуры. 

У ліпені 2025 года адбыліся пэўныя змены: у пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў» упершыню трапіла арганізацыя, якая працуе не толькі з беларускай тэмай. Спіс папоўніў International Institute for Democracy and Electoral Assistance (International IDEA), якая ў пераліку дзяржаўных матэрыялаў значыцца з памылкамі і пазначаная як «INTERN INST FOR DEMOCRACY & ELECTORAL ASSISTANCE». Гэтая міжурадавая структура, якая займаецца падтрымкай сумленных выбараў ва ўсім свеце. У хуткім часе да яе далучыўся «Усходне-еўрапейскі дэмакратычны цэнтр» (EEDC), які дзесяцігоддзямі спрыяе развіццю грамадзянскай супольнасці ў постсавецкіх краінах. 

Восенню таго ж года «экстрэмісцкі» статус атрымала літоўская «Gero kaimyno agentūra» (у перакладзе з літоўскай — «Агенцыя добрага суседа»). Завяршыўся год у лістападзе 2025-га прызнаннем экстрэмісцкім фармаваннем кааліцыі «Terra Group Event» і «SSL Production», якія займаюцца арганізацыяй і тэхнічным забеспячэннем культурных і грамадскіх мерапрыемстваў беларусаў за мяжой. У сакавіку 2026 года статус экстрэмісцкага фармавання атрымаў польскі фонд «Brama Dziedzictwa» («Брама спадчыны»), які займаецца захаваннем культурных і гістарычных сувязяў паміж народамі. 

У красавіку спачатку «экстрэмісцкай арганізацыяй» быў абвешчаны Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) — універсітэт у Вільні, дзе навучаецца шмат беларусаў. А праз тыдзень гэты ж лёс напаткаў Фонд Шведскага міжнароднага ліберальнага цэнтра (SILC), які прасоўвае дэмакратычныя каштоўнасці ва ўсім свеце. У чэрвені 2026 года пад забарону трапіў цэлы комплекс ініцыятыў «ABA Together» (Association of Belarusians in America). Рэпрэсіі закранулі ад філадэльфійскіх валанцёраў да агульнаамерыканскіх рэсурсаў, што канчаткова замацавала статус амерыканскай дыяспары як «экстрэмісцкага асяродка».

Увогуле ёсць тэндэнцыя прызнаваць зарэгістраваныя за мяжой суб’екты экстрэмісцкімі арганізацыямі, а не экстрэмісцкімі фармаваннямі: гэта робіцца ў судовым парадку, рашэнне выносіць Вярхоўны суд. Такіх экстрэмісцкіх арганізацый на дадзены момант 8, 7 з іх — замежныя.

Новы этап: канвеер «экстрэмісцкіх матэрыялаў» 2026 года

Калі прызнанне «фармаваннем» застаецца кропкавым інструментам, то спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у 2026 годзе працягнуўся бясконцым канвеерам, распачатым раней. Толькі за бягучы год мінімум 70 інфармацыйных крыніц, якія маюць дачыненне да замежнікаў або дыяспар, былі прызнаныя экстрэмісцкімі, што стварае вакол Беларусі шчыльную інфармацыйную заслону.

Асаблівую ўвагу суды надаюць праваабарончым арганізацыям, якія фіксуюць злачынствы рэжыму. У сакавіку 2026 года пад забарону трапіла Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), якая аб’ядноўвае праваабаронцаў па ўсім свеце. Тады ж «экстрэмісцкімі» сталі рэсурсы Human Rights House Foundation, якая стварае бяспечныя прасторы для актывістаў, і міжнароднай супольнасці IGFM — няўрадавай праваабарончай арганізацыі, якая займаецца глабальным маніторынгам правоў чалавека, падтрымкай палітвязняў і барацьбой супраць катаванняў, якая была заснаваная яшчэ ў 1972 годзе. Дайшла чарга і да інстаграм-старонак лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру. У красавіку спіс папоўніў акаўнт украінскай праваабарончай арганізацыі — Цэнтра грамадзянскіх свабод, а ў ліпені — акаўнт расійскага «Мемарыялу», які захоўвае памяць пра ахвяр таталітарызму. Не абышлі ўвагай і арганізацыю Libereco – PHR, чые старонкі ў Threads забаранілі ў сакавіку 2026 года, хоць раней іх Instagram і X ужо траплялі пад санкцыі ў верасні 2024 года. Гэта нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя, якая займаецца падтрымкай палітвязняў і аказаннем дапамогі пацярпелым ад парушэнняў правоў чалавека.

У чэрвені 2026 года прызналі «экстрэмісцкім» Instagram дацкага інстытута Dignity Institute, які займаецца рэабілітацыяй ахвяр жорсткага абыходжання і міжнароднай экспертызай у гэтай сферы. У тым жа месяцы забаранілі рэсурсы фонду Right Livelihood, які ўручае прэстыжную «альтэрнатыўную Нобелеўскую прэмію» за выбітныя дасягненні ў галіне правоў чалавека і сацыяльнай справядлівасці.

Спіс забароненых медыя ў 2026 годзе выглядае як пералік найбольш аўтарытэтных сусветных выданняў. У сакавіку 2026 года пад забарону трапілі BBC News (руская служба), «Голас Амерыкі» (VOA) і «Новая газета Еўропа». У чэрвені да іх далучыўся інтэрнэт-партал Voxeurope, які піша пра еўрапейскую палітыку на дзесяці мовах. Ліпень і жнівень сталі «чорнымі месяцамі» для Jam NEWS, які працуе з тэмамі Паўднёвага Каўказа, польскага інфармацыйнага агенцтва PAP, эстонскага Postimees і нават сусветнага гіганта Euronews

У тым жа ліпені 2026 года прызналі небяспечным Telegram-канал «Навальный LIVE», які з’яўляецца адной з галоўных пляцовак расійскай апазіцыі для асвятлення палітычных працэсаў і карупцыйных расследаванняў. Не пазбег гэтай долі і YouTube-канал «вДудь», чые інтэрв’ю з лідарамі меркаванняў і дакументальныя фільмы Віцебскі суд у красавіку 2026 года палічыў занадта вострымі для беларускага гледача. 

Дайшла чарга і да пляцовак Еўрасаюза. У жніўні 2026 года прызнаны «экстрэмісцкім» сайт EUvsDisinfo. Гэта асноўны рэсурс Усходняй стратэгічнай групы — каманды экспертаў у галіне камунікацый, журналістыкі і русістыкі, якая дзейнічае ў складзе дыпламатычнай службы Еўрасаюза пад кіраўніцтвам Высокага прадстаўніка. На сайце публікуюцца экспертныя матэрыялы і даследаванні, накіраваныя на выкрыццё міжнародных маніпуляцый і дэзінфармацыі.

Пятага снежня суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» старонку Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый (CINGO), размешчаную на сайце Савета Еўропы, пры гэтым як экстрэмісцкі ў рашэнні быў пазначаны дамен coe.int — афіцыйны сайт Савета Еўропы. Аднак дзясятага снежня гэта рашэнне было адменена тым жа судом.

Не засталіся па-за ўвагай і фонды, якія падтрымліваюць адукацыю і культуру. У сакавіку 2026 года статус экстрэмісцкіх матэрыялаў атрымала BiaƗska Fundacja Solidarnośći z BiaƗorusia, у красавіку — American Belarus Foundation, які займаецца прасоўваннем беларускай культуры ў ЗША. Летам 2026 года пад удар трапілі адукацыйныя праграмы EU4Belarus – SALT, якія даюць стыпендыі студэнтам, і польскі фонд OKNO NA WSCHÓD, вядомы сваімі праектамі па інтэграцыі мігрантаў. У ліпені забаранілі рэсурсы Kolegium Europy Wschodnej (Калегіум Усходняй Еўропы) — уплывовай польскай арганізацыі з Уроцлава, якая займаецца дыялогам паміж народамі і выдавецкай дзейнасцю. Аналагічны лёс напаткаў і Instagram-акаўнт «americancenterminsk», які доўгі час быў адным з нешматлікіх вокнаў у свет амерыканскай культуры і адукацыі. У траўні 2026 года забаронены Instagram-акаўнт kasbelarus — прадстаўніцтва Фонду Конрада Адэнаўэра, які падтрымлівае дэмакратычныя каштоўнасці і грамадзянскую супольнасць па ўсім свеце.

Геаграфія забароненых дыяспар

Спіс дыяспар, чые суполкі ў сацыяльных сетках былі прызнаныя экстрэмісцкімі ў 2026 годзе, ахоплівае практычна ўсю планету. У ЗША гэта суполкі ў Філадэльфіі, Шарлат, Бостане, Тампе, Фларыдзе, Канзас-Сіці і Лас-Вегасе. У Еўропе пад забаронай апынуліся беларусы Рыма, Парыжа, Бардо, Франкфурта, Берліна, Баварыі, Бадэн-Вюртэмберга і Лодзі. Закрануў пераслед суполкі ў Нарвегіі, Грэцыі, Вялікабрытаніі (Оксфард), Швейцарыі, Даніі, Аўстрыі, Чарнагорыі, Славеніі, Швецыі, Эстоніі, Літве, Канадзе, Бразіліі і Ізраілі. У Батумі (Грузія) сілавікоў асабліва занепакоіла нават мясцовая сімволіка. Пад пераслед трапіла нават суполка беларусаў у Маскве (Расея).

Хваля забаронаў закранула і нямецка-беларускую суполку RAZAM e.V., якая займаецца падтрымкай беларусаў у Германіі і захаваннем нацыянальнай ідэнтычнасці. 

Судовы рэйтынг

Абсалютным лідарам па вынясенні рашэнняў супраць замежных рэсурсаў-«экстрэмісцкіх матэрыялаў» у 2026 годзе стаў суд Глускага раёна, на рахунку якога 14 рашэнняў (пераважна ў лютым па дыяспарах і «Народных пасольствах»). Другое месца займае суд Горацкага раёна з 11 рашэннямі, які спецыялізуецца на вялікіх СМІ і праваабаронцах. Трэцім ідзе суд Нясвіжскага раёна, які ў красавіку паставіў на паток забарону суполак дыяспар, вынесшы 10 рашэнняў.

Вясна