
Кожную суботу ў 8:00 па беларускім часе ў эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма “Вясна”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм’еру ў эфіры анлайн можна паслухаць праз інтэрнэт тут альбо тут (калі не адкрываецца, то карыстайцеся VPN). А таксама 98,1 FM для Гродна і 99,2 FM для Брэста.
Каментар эксперта: 30 жніўня — Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных знікненняў. Пра тое, як гэтая тэма звязана з Беларуссю, размаўляем з праваабаронцай “Вясны” Валянцінам Стэфановічам.
Асоба: Не толькі беларускі пісьменнік, але і грамадскі актывіст. Якім быў Алесь Адамовіч? Размаўляем з ініцыятарам аўдыягіду “Сцежкамі Адамовіча” Андрэем Архіпенка і чытаем пра твор “Я з вогненнай вёскі”:
“Неафіцыйныя экспедыцыі пісьменнікаў выявілі, што беларускія вёскі знішчалі не толькі нямецкія, але і савецкія карнікі”, — адзначае ў сваім артыкуле гісторык Уладзімір Лобач.
Каментар: “Жыццё на каробках”— выстава пад такой назвай адкрылася ў Музеі Вольнай Беларусі, што ў Варшаве.
“Аднойчы, разважаючы, ці варта купляць стэлаж у здымную кватэру, бо я ж тут ненадоўга, я злавіла сябе на думцы, што жыву “на каробках” ужо амаль 6 гадоў. І калі каробкі сталі часткай майго дому, пара пачаць хаця б маляваць на іх”, — так апісвае сваю творчасць мастачка Ганна Мусалёва.
