фота Белсат

Усё больш беларусаў у Польшчы сутыкаюцца з юрыдычнымі цяжкасцямі і прававою няпэўнасцю, у тым ліку – з рызыкаю дэпартацыі на радзіму, дзе ім могуць пагражаць рэпрэсіі. Змяненне стаўлення польскай дзяржавы да беларускіх эмігрантаў 31 жніўня прэзентавала ініцыятыва «Партызанка» ў справаздачы «Сістэмная прававая ўразлівасць беларускіх «рэлакантаў» у Польшчы: рэакцыя на неабходнасць працэдурнай легалізацыі знаходжання».

Трывожны парадокс

Аўтары дакладу – юрыстка, сузаснавальніца фонду «Партызанка» Ганна Маціеўская і былая спавяшчальніца ААН у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а цяпер экспертка «Партызанкі» Анаіс Марэн.

Справаздачу падрыхтавалі на падставе зваротаў на інфалінію «Партызанкі» ў перыяд з лютага да чэрвеня 2026 года, якая працуе бесперапынна з 2021-га.

Даследаванне фіксуе трывожны парадокс: пры разуменні сітуацыі беларусаў, якую дэкларуюць польскія палітыкі і ўлады, адміністрацыйная практыка часта фактычна працуе супраць беларусаў.

Цягам гадоў у Польшчы назіралася станоўчае стаўленне да беларускіх мігрантаў, якіх успрымалі як тых, хто запаўняе прабел на рынку працы, асабліва ў прафесіях, якія патрабуюць высокай кваліфікацыі.

Пасля здушэння пратэстаў 2020 года ў Беларусі Польшча адчыніла дзверы для дзясяткаў тысяч грамадзянаў нашай краіны. Былі ўведзеныя гуманітарныя візы, спрошчаныя працэдуры працаўладкавання, запушчаная спецыяльная праграма для ІТ-спецыялістаў Poland. Business Harbour.

«Больш не ўспрымаюць Польшчу як бяспечную гавань»

Сітуацыя пачала змяняцца з 2021 года, калі Менск пачаў выкарыстоўваць мігрантаў з трэціх краінаў у межах гібрыднай вайны супраць краінаў-суседзяў. Гэта ўдарыла па беларускіх рэлакантах, бо Польшча адказала на атаку больш жорсткімі міграцыйнымі правіламі, а антыіміграцыйныя наратывы распаўсюдзіліся ў грамадскай прасторы.

«Антыіміграцыйныя наратывы сталі ключавым элементам палітычных праграмаў некалькіх кандыдатаў у прэзідэнты. Пасля абрання прэзідэнтам Караля Наўроцкага наратывы, якія абясцэньваюць уклад мігрантаў у эканамічны рост і сацыяльнае развіццё Польшчы, сталі мэйнстрымам. Распаўсюджванне антыбеларускага і антыўкраінскага дыскурсу, верагодна, пранікла і ў дзяржаўную адміністрацыю», – зазначаецца ў справаздачы.

Паводле справаздачы, на 1 ліпеня 2026 года ў Польшчы каля 134 тысяч грамадзянаў Беларусі мелі легальны статус. Большасць жыла на падставе дазволу на жыхарства, і толькі каля 1 % мела статус уцекача ці іншую форму міжнароднай абароны.

Пры гэтым колькасць беларусаў, якія просяць у Польшчы міжнародную абарону, апошнім часам скарачаецца: з 3943 заяваў у 2024 годзе да 2995 у 2025-м.

«Гэта не варта інтэрпрэтаваць як прыкмету таго, што цяпер у Беларусі назіраецца менш парушэнняў правоў чалавека або палітычных пераследаў, чым раней. Фактычна, гэта рэзкае зніжэнне (на 24 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года), указвае на некалькі істотных сістэмных прабелаў. Усведамляючы папулярызацыю антыіміграцыйных наратываў у польскіх палітычных дэбатах, дыскрымінацыі і мовы нянавісці і актаў гвалту на грамадскім узроўні, некаторыя заяўнікі больш не ўспрымаюць Польшчу як бяспечную гавань», – зазначаюць аўтаркі даследавання.

Паводле іх, беларусы менш ахвотна падаюць заяўкі на абарону, бо з досведу суайчыннікаў ведаюць, што гэтая працэдура стала менш прадказальнай на практыцы, а адсотак адмоваў расце.

Што не так з аргументамі чыноўнікаў

Зніжэнне, якое назіралася за апошнія месяцы, было нечакана рэзкім, асабліва датычна дадатковай абароны: колькасць станоўчых рашэнняў, вынесеных беларускім заяўнікам, знізілася да 1587 у 2025 годзе, а ў першай палове 2026-га толькі 372 беларусы атрымалі гэты статус. У якасці падставы для гэтых адмоваў улады часта спасылаліся на заканчэнне тэрміну даўнасці паводле абвінавачванняў, звязаных з пратэстамі 2020 года.

«Апошнія тэндэнцыі, здаецца, пацвярджаюць змену падыходу польскай адміністрацыі да беларускіх заяваў аб абароне. Бюро ў справах замежнікаў пачало ўжываць больш строгую працэдуру праверкі, і ў чэрвені 2026 года, упершыню з 2020 года, працэнт адмоўных рашэнняў для беларускіх заяўнікаў перавысіў працэнт станоўчых», – падкрэсліваецца ў справаздачы.

Каб апраўдаць адмову ў абароне, чыноўнікі міграцыйнай службы часта спасылаюцца на адзін або некалькі з наступных фактараў.

1) З пачатку 2025 года, часткова дзякуючы дыпламатычным намаганням адміністрацыі ЗША, больш за 800 палітычных зняволеных былі датэрмінова вызваленыя, у тым ліку польска-беларускі журналіст Анджэй Пачобут.

«Той факт, што «Вясна» прызнала больш за тысячу асобаў палітычнымі зняволенымі за той жа перыяд, відавочна, застаўся без увагі як польскіх медыяў, так і чыноўнікаў. Тым часам «гандаль» палітычнымі зняволенымі – гэта паўтаральная тактыка рэжыму Лукашэнкі, што выкарыстоўваецца для паляпшэння яго міжнароднага іміджу і перамоваў аб зняцці санкцыяў. Памілаванне гэтых асобаў не робіць Беларусь больш бяспечным месцам для людзей з іншымі поглядамі», – зазначаюць эксперткі.

2) У 2025 годзе ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, якія, у адрозненне ад выбараў 2020-га, не суправаджаліся масавымі дэманстрацыямі або рэпрэсіямі.

«Улічваючы, што да 2025 года ўсе лідары апазіцыі ўжо знаходзіліся ў турме або ў выгнанні, у краіне амаль не засталося людзей, якіх можна было б затрымаць падчас выбараў. <…> Запалохванне, ператрусы і папярэджанні блізкім пераканалі многіх беларусаў, якія жывуць за мяжой, што вяртанне ў Беларусь на адпачынак, пахаванне або абмен пашпартоў, безумоўна, прывядзе да адвольнага затрымання», – адказваюць на гэта аўтаркі даследавання.

3) Заяўнікі не могуць прадэманстраваць, што яны сапраўды пад пераследам. «Партызанка», аднак, зазначае, што на сёння ў Беларусі няма публічна даступнай базы звестак пра асобаў у вышуку. Шмат хто не ведае свайго статусу. Але праваабаронцам вядомыя шматлікія выпадкі затрымання на мяжы беларусаў, якія вярталіся дамоў, палічыўшы гэта бяспечным.

Другасная віктымізацыя

Асабліва ўразлівай групай робяцца былыя палітвязні, якіх пасля вызвалення выдварылі з Беларусі, часта без дакументаў. У Польшчы ім даводзіцца зноў даказваць факт пераследу.

«Гэта прыводзіць да з’явы, якая называецца «другасная віктымізацыя», калі чалавек, які ўжо перажыў рэпрэсіі, зноў аказваецца ў сітуацыі ціску, на гэты раз з боку адміністратыўнай сістэмы», – зазначаюць аўтары справаздачы.

Сістэмныя бар’еры

Аналіз зваротаў на інфалінію дазволіў экспертам «Партызанкі» вылучыць пяць ключавых сістэмных бар’ераў, з якімі сёння сутыкаюцца беларусы ў Польшчы.

  • Падарожныя дакументы для замежнікаў. У Польшчы беларусы могуць атрымліваць іх нават без статусу міжнароднай абароны. Сур’ёзнай праблемай, аднак, становяцца тэрміны і затрымкі разгляду заявак. Працэдура выдачы польскага падарожнага дакументу павінна займаць месяц, а ў складаных выпадках – максімум два. Аднак у некаторых ваяводствах працэдура займае значна больш часу. Нават адміністрацыйныя суды прызналі ўзніклыя затрымкі празмернымі. У выніку тысячы людзей фактычна застаюцца «ў пастцы ў Польшчы» цягам месяцаў, падкрэсліваецца ў справаздачы.
  • Дублінскае пагадненне і рызыка перадачы разгляду заяваў на міжнародную абарону ў іншыя краіны Еўразвязу нават для былых палітвязняў. У той час як у сітуацыі шмат каго з іх краіна першага ўезду ў ЕЗ не была пытаннем уласнага выбару.

    «Механічнае ўжыванне Дублінскай сістэмы да былых палітычных зняволеных пагражае ім другаснай віктамізацыяй. Для тых, хто ўжо зведаў адвольнае пазбаўленне волі, гвалт, катаванні і прымусовае перасяленне, гэта прыводзіць да далейшай страты кантролю над сваім лёсам. Рашэнне аб перадачы ў іншую дзяржаву можа азначаць чарговае прымусовае перасяленне цягам кароткага перыяду часу, паўторны разрыў сямейных і сацыяльных сувязяў, а таксама перапыненне бягучага лячэння, рэабілітацыі і аднаўлення», – зазначаюць у даследаванні.
  • Цяжар доказаў пераследу, якія часта немагчыма атрымаць. Юрысткі «Партызанкі» не аднойчы падкрэслівалі, наколькі няпроста беларусам сабраць і захаваць доказы пераследу ў сітуацыі, калі сілавікі не пакідаюць ніякіх дакументаў, а пры мінанні мяжы бяспечней выдаліць усё, за што маглі б затрымаць.
    Затрымкі ў працэдурах і працяглае чаканне рашэнняў у справе дазволаў на жыхарства. Тысячы беларусаў у Польшчы чакаюць іх атрымання больш за год. За гэты час тэрмін дзеяння беларускіх пашпартоў часта мінае. Чаканне ад 12 да 24 месяцаў практычна паралізуе беларускіх рэлакантаў, пакідаючы іх у адміністрацыйным вакууме. Часта гэта прыводзіць да праблемаў з банкаўскімі рахункамі ды іншых цяжкасцяў.

    Падзеленыя сем’і – складанасці з атрыманнем гуманітарных візаў для сваякоў.

    Разам гэтыя фактары ствараюць сітуацыю, калі чалавек застаецца ў сталым стане нявызначанасці.

    Усе гэтыя праблемы, паводле «Партызанкі», не ў польскім заканадаўстве – яно ў цэлым дазваляе забяспечыць абарону ўразлівых групаў. Праблема – у практыцы ўжывання.,,«Рашэнні прымаюцца фрагментарна, без уліку агульнай карціны. Адсутнічае адзіны падыход да ацэнкі рызык, звязаных з вяртаннем у Беларусь. Больш за тое, узмацняецца тэндэнцыя да больш жорсткай пазіцыі: расце доля адмоваў у наданні міжнароднай абароны», – гаворыцца ў дакуменце.
  • Парады польскім органам
  • Аўтары справаздачы прапаноўваюць магчымыя шляхі развязання праблемаў.
  • Выдача пасведчання аб легальным пражыванні любому грамадзяніну Беларусі, справа якога разглядаецца. Гэтае пасведчанне павінны юрыдычна прызнаваць польскія банкі, навучальныя ўстановы, Нацыянальны фонд аховы здароўя (NFZ).
  • Пазбяганне пакарання асобаў, якія пражываюць у выгнанні, за бюракратычныя памылкі, бо гэта раўназначна адміністрацыйнай другаснай віктымізацыі людзей, асабліва ўразлівых да транснацыянальных рэпрэсіяў з боку ўласнай дзяржавы.
  • Адміністрацыйная амністыя: адмена санкцыяў за невыкананне тэрмінаў і скасаванне працэсуальных санкцыяў для беларусаў, якія пераходзяць з дазволаў на працу або навучанне на міжнародную абарону.
  • Пашырэнне выдачы польскіх падарожных дакументаў для ўсіх беларусаў, у якіх пратэрмінаваны пашпарт, і забеспячэнне таго, каб кожны грамадзянін Беларусі, які не можа атрымаць сапраўдны пашпарт праз указ Аляксандра Лукашэнкі № 278, адразу ж атрымаў польскі праязны дакумент, незалежна ад таго, ці ён папрасіў прытулак у Польшчы, ці ўехаў у краіну з эканамічных прычынаў.
  • Паскораная працэдура разгляду заявак на сталы дазвол на жыхарства і грамадзянства ад беларусаў з картай паляка.
  • Абавязак для ваяводскіх установаў прымаць ад заяўніка пратэрмінаваны беларускі пашпарт разам з дзейнай картай паляка, гуманітарнай візай або заверанай копіяй пасведчання аб нараджэнні ў Беларусі ў якасці дастатковай часовай формы пацвярджэння асобы, якая дазваляе зарэгістраваць заяўку і паставіць штамп аб легалізацыі пражывання на час разгляду справы.
  • Забеспячэнне абароны занятасці падчас чакання падаўжэння дазволаў на пражыванне.
  • Поўны тэкст даследавання даступны па спасылцы.
  • Белсат