
фота ілюстрацыйнае
У Гародні ўжо стала немагчыма ўзяць напракат электрасамакаты і ровары. Цяпер у горадзе над Нёманам можна ездзіць толькі на асабістых веласіпедах і самакатах. Такое рашэнне прынялі гарадскія ўлады.
Яны спасылаюцца на тое, што вузкія вулачкі і гістарычная забудова Гародні пасуюць найперш для шпацыраў, а не для хуткай язды. На хуткасныя сродкі перамяшчэння скардзіліся і гараджане, якіх нават збівалі ездакі. Таксама гучалі і скаргі на паркоўку самакатаў і ровараў у неналежных месцах.
Улады кажуць, што за горад без пракатных самакатаў прагаласавалі 72% удзельнікаў абмеркавання. У каментары тэлеканалу “Мір 24” начальнік аддзелу ідэалагічнай работы аблвыканкаму Аляксей Апановіч заявіў, што забарона не была аформленая ў нарматыўны дакумент, а проста з пракатчыкамі не заключылі дамову на арэнду. Калі гараджане скажуць, што пракат ім патрэбны, чыноўнікі абяцаюць паўторна разгледзець пытанне.
