
Палітвязень, гарадзенскі журналіст, Дзяніс Івашын у зняволенні габлюе дошкі і выконвае іншыя падобныя працы. Пра гэта расказала яго жонка Вольга Івашына ў акаўнтах сваіх сацсетак:
“У калёніі не стае часу на тыя рэчы, якія былі рутыннымі ў жодзінскай турме. Але куды зьнікае гэты найкаштоўнейшы для нас рэсурс, і чым так заняты зараз Дзяніс? Найперш, вядома, час зьнішчае рабская абавязковая праца за 3 капейкі на дрэваапрацоўцы. Т.б. Дзяніс працуе па 8 гадзінаў 5 дзён на тыдзень там, дзе габлююць, шліфуюць дошкі, зь якіх потым робяць разнастайныя скрынкі, палеты, кантэйнэры ды інш.”
“Пасьля выкананьня ўсіх абавязкаў у Дзяніса застаецца зусім мала часу на банальны фізычны адпачынак ад гэтых справаў і зрэдчас падпісаньне паштовак ці напісаньне лістоў нам. Яшчэ меней часу наш ваяр прысьвячае цяпер чытаньню літаратуры”.
Напомнім, што Дзяніс Івашын — вядомы беларускі журналіст-расследавальнік, журналіст выдання «Новы Час» і валанцёр міжнароднай супольнасці InformNapalm, быў затрыманы 12 сакавіка 2021 года. Ён быў засуджаны па справе аб «здрадзе дзяржаве» да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У ліпені бягучага году пасля трох гадоў строгага рэжыму ў жодзінскай турме Івашына перавялі ў магілёўскую калонію нумар 15.
