
Суд быў адкладзены, паколькі абвінавачаны ў трохгадовым шпіянажы супраць Польшчы не прыехаў з Беларусі на паседжанне.
Паводле інфармацыі Radio Bialystok, судовае паседжанне раённага суда Беластоку мелася пачацца 16 верасня, але было адкладзенае праз тое, што падсудны не з’явіўся.
Пры гэтым раней абвінавачаны ў шпіянажы беларус ужо даў паказанні і пагадзіўся на працяг судовага разгляду ў ягоную адсутнасць, а таксама даў кантактны адрас электроннай пошты для позвы. Але суд вырашыў, што гэтага не дастаткова для разгляду ў яго адсутнасць, і яшчэ раз накіруе позву ў амбасаду Беларусі ў Польшчы з просьбай асабіста ўручыць яе абвінавачанаму.
Пракурор Лешак Божэк паведаміў, што абвінавачаны цяпер не ў Польшчы ў сувязі з абменам зняволенымі з Беларуссю. Ён адмовіўся каментаваць прад’яўленыя абвінавачанні, аднак сказаў, што «дзеянні абвінавачанага былі скіраваныя перадусім супраць беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў Польшчы».
Пракурор падасць хадайніцтва аб засакрэчванні паказанняў абвінавачанага, у тым ліку дзеля сведак, звесткі пра якіх збіраў абвінавачаны.
«Гэтая справа вядомая, абвінавачанага замяніў спадар (Анджэй) Пачобут. Гэта было пытанне дзяржаўнай важнасці, і яно было прызнанае больш значным», – заявіў адвакат абвінавачанага Міхал Корсак.
Адвакат заявіў, што апошні раз бачыў падсуднага ў красавіку, калі той быў пад вартай у Беластоку. Ëн дадаў, што мужчына раней даваў паказанні ў справе і пагаджаўся зʼявіцца ў любы час, але цяпер адвакат ацаніў яўку падсуднага як сумнеўную праз «цяжар прадʼяўленых абвінавачанняў, ягоныя папярэднія паводзіны і тое, што ён здзейсніў».
Нагадаем, у выніку абмену зняволенымі 28 красавіка з Беларусі вызвалілі Анджэя Пачобута, дваіх палякаў і дваіх малдаванаў, з польскага боку – пяцярых грамадзянаў Беларусі, Расеі і іншых дзяржаваў СНД,
Сярод перададзеных беларускаму боку асобаў быў 33-гадовы грамадзянін Беларусі Уладзіслаў Надзейка, якога затрымалі ў 2025 годзе паводле абвінавачання ў шпіянажы на карысць замежнай выведкі. Тады паведамлялася, што мужчына быў удзельнікам беластоцкай харугвы «Паспалітага рушэння», а ягонае імя раней згадвалася КДБ Беларусі ў сувязі з «экстрэмісцкім фармаваннем» «Беларуская Грэнадзёрская Харугва».
У Польшчы Надзейка займаўся перавозкамі пасажыраў як індывідуальны прадпрымальнік, што супадала з інфармацыяй СМІ пра затрыманне таксіста-актывіста, які мог быць датычны да шпіёнскай сеткі КДБ у Еўропе.
Белсат
