Вольга Івашына

Вольга Івашына, жонка палітвязня і журналіста-расследвальніка Дзяніса Івашына паведаміла ў сваіх сацсетках пра яго хваробу за кратамі. Івашыну ўрэшце дазволілі патэлефанаваць маці. З кароткай размовы высветлілася й прычына доўгага перапынку ў камунікацыі зь Дзянісам. Ён увесь гэты час (з 22.10 па 02.11) сур’ёзна хварэў, нават патрапіў у медчастку калоніі. Вірус настолькі моцна яго прыціснуў, што Дзяніс ня меў сілы нават уздняцца з лазарэтнага ложка.

2 лістапада Івашын вярнуўся ў атрад, але яшчэ да 7 лістапада меў вызваленьне ад працы. З словаў Дзяніса, ён і дагэтуль сябе ня надта добра пачувае, на жаль. Але крызіс ён відавочна пераадолеў.

Вольга Івашына падзялілася таксама сваімі развагамі дачычна цяперашняй дзяржаўнай сістэмы ў Беларусі:

“У 109-ю гадавіну кастрычніцкага перавароту сымбалічна будзе напісаць пра тыя наступствы бальшавіцкага кіраваньня-тэрору, якія мы на сабе адчуваем дагэтуль. Найбліжэйшая цяпер для нас тэма – стаўленьне да вязьняў (найперш палітычных), іхнага жыцьця й здароўя. Менавіта масавы “чырвоны тэрор” 20-30 гг. мінулага стагодзьдзя замацаваў антычалавечую нялюдзкую сыстэму маральнага й фізычнага зьнішчэньня вязьняў. І размова ня толькі пра ГУЛАГ. Стаўленьне да людзей за кратамі як да ската без чалавечве годнасьці і правоў замацавалася ва ўсёй “пэнытэнцыярнай” і “праваахоўнай” сыстэмах “саўка”.

Усе “нормы”, “правілы” й “парадкі” ў калёніях і турмах як СССР, так і “постсаўковых” гібрыдна акупаваных краінаў уводзяцца з мэтай зьнішчэньня асобы вязьня, зламаньня ягонай псыхікі і волі, а ў некаторых выпадках і для псаваньня ягонага фізычнага здароўя і наагул фізычнае зьнішчэньне праз адмову ў мэдыцынскай дапамозе ці несвоечасовую дапамогу.

Выпадкі зь гібельлю (забойствам) Вітольда Ашурка, Алеся Пушкіна, Ігара Ледніка ды інш., з цынгой Сьцяпана Латыпава ці чарговая вірусная хвароба нашага Дзяніса Івашына – яскравае пацьверджаньне маей думкі. Толькі ўдумайцеся ў гэта: ХХІ стагодзьдзе, цэнтар Эўропы, а вязьні ў турмах здольныя захварэць на цынгу ад авітаміноза. Што гэта за нейкая афрыканская краіна III ці IV сьвету?

Зрэшты і наш Дзяніс захварэў менавіта праз аслаблены адсутнасьцю вітамінаў імунітэт. Апошні раз мы перадавалі яму вітаміны, здаецца, яшчэ ў СІЗА гарадзенскае вязьніцы. Тыя вітаміны Дзяніс ашчадна выкарыстоўваў амаль увесь час турэмнага тэрміну. Але ж запас ня можа быць бясконцым, а новыя вітаміны, як і любыя іншыя лекі, палітвязьню перадаць у рэжымныя калёніі й турмы – амаль невыканальны квэст з асобных “колаў пекла”.

А ідэйныя нашчадкі бальшавіцкіх садыстаў пры гэтым лічаць і называюць сябе цывілізаванымі людзьмі. Сёньня ў іх, дарэчы, “сьвята”.