
фота ілюстрацыйнае
Прадстаўнікі сілавых органаў на прэс-канферэнцыі ў Менску 10 лістапада, прысвечанай злачыннасці сярод маладзёнаў, пужалі пагрозаю «экстрэмізму» і «тэрарызму». Менавіта гэтым карыстаюцца тэлефонныя махляры, каб рабаваць людзей, і акурат сёння дзяржаўныя медыі паведамілі адразу пра некалькі такіх выпадкаў.
«Тэрарызм застаецца адной з галоўных пагрозаў нацыянальнай бяспецы. Асаблівую занепакоенасць выклікае факт уцягвання ў тэрарыстычную, экстрэмісцкую дзейнасці непаўналетніх і моладзі як найбольш падатных на ідэалагічнае ўздзеянне сацыяльных групаў», – заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску прадстаўнік аддзелу арганізацыі працы інспекцыяў у справах непаўналетніх МУС Раман Бардзееў.
Ён даводзіў, што «экстрэмізм – выключная небяспека, здольная расхістаць любое, нават самае стабільнае грамадства», а таксама сцвярджаў, што «экстрэмісцкія рэсурсы шырока ўжываюць сродкі псіхалагічнай вайны, у тым ліку такія спосабы, як дэзынфармацыя, запужванне, маніпуляцыя грамадскай свядомасцю, падмена паняццяў і фактаў».
Міліцыянт, зрэшты, не ўдакладніў, што абвінавачанні ў «тэрарызме» і «экстрэмізме» ўлады Беларусі ўжываюць дзеля палітычнага пераследу, затое застрашыў, што «зламыснікі, якія імкнуцца ўзарваць сітуацыю ў краіне, скіраваць энергію маладзёнаў у дэструктыўнае рэчышча, найчасцей выкарыстоўваюць інтэрнэт для ўцягвання падлеткаў у супрацьпраўную дзейнасць».
«Ідэолагі экстрэмісцкіх рухаў і групаў могуць актыўна ўздзейнічаць на свядомасць падлеткаў, пачынаючы ад размяшчэння экстрэмісцкіх матэрыялаў. Моладзь асабліва схільная да ўплыву розных негатыўных тэндэнцыяў у грамадстве і нярэдка ўцягваецца ў розныя экстрэмісцкія фармаванні, часцяком не маючы ўяўлення пра ідэалагічны грунт экстрэмісцкіх з’яваў», – сказаў Бардзееў.
Пры гэтым ён адсправаздачыўся, што «экстрэмісцкіх злачынстваў» з удзелам падлеткаў менее:
,,
«Паводле вынікаў 10 месяцаў бягучага года колькасць злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці знізілася на 21 %: з 66 да 52. Збольшага падлеткі здзяйснялі публічныя заклікі да дзеянняў дзеля захопу дзяржаўнай улады, абразы, распальванне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці».
Бардзееў таксама сказаў, што «праваахоўныя органы зрабілі істотную працу дзеля выяўлення і ізаляцыі арганізатараў і актыўных удзельнікаў масавых закалотаў з жніўня 2020 года, перакрыцця каналаў фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці, прынятыя меры інфармацыйнага супрацьдзеяння гібрыдным пагрозам звонку».
Застрашаныя дзеці
Разам з гэтым застрашваннем на той жа прэс-канферэнцыі прадстаўнік Следчага камітэту Аляксандр Сухадольскі наракаў на махляроў, якія дзеля падману падлеткаў ужываюць абвінавачванні ў «тэрарызме». Зламыснікі звычайна пішуць у мэсэнджарах, даведваюцца нейкія асабістыя звесткі, нумары тэлефонаў, адрасы, затым на сувязь выходзіць іншая асоба, якая прадстаўляецца работнікам міліцыі, СК ці КДБ:
«Яна паведамляе, што дзіця будзе прыцягнутае да крымінальнай адказнасці і што звесткі, якія яно дало ў ліставанні, нібыта былі дадзеныя тэрарыстычнай арганізацыі».
Далей працуе звычайная схема з нібыта дэклараваннем грошай, і з прымусам і пагрозамі ахвяра перадае ашчаджэнні кур’еру. Бывае, што падманным шляхам кур’ерамі робяць і самых падлеткаў. Сухадольскі параіў бацькам паразмаўляць з дзецьмі пра такое махлярства.
Рэпрэсіі дапамагаюць махлярам
І сёння ж, як на замову, дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла пра два выпадкі, у якіх махляры ўжывалі абвінавачванні ў тэрарызме.
У першай гісторыі ў Менску зламыснікі прымусілі 13-гадовую школьніцу выканаць ролю дастаўніцы. У чат-боце ў Telegram дзяўчынка пазнаёмілася, як яна думала, з хлопчыкам, які выманіў у яе каардынаты месцазнаходжання. Потым ад суразмоўцы прыйшоў відэакружок з мужчынам у вайсковай форме. Школьніца спужалася і выдаліла ліставанне. Пазней ёй пазваніла жанчына, якая пачала абвінавачваць ахвяру ў дзяржаўнай здрадзе і спрыянні тэрарызму, а таксама застрашыла, што калі дзяўчынка адмовіцца ад супрацы, ейных бацькоў пасадзяць на 25 гадоў, а яе адправяць у дзіцячы дом.
У выніку школьніца выклікала таксоўку і паехала на пазначаныя махлярамі два адрасы, дзе забрала грошы ў іншых непаўналетніх, якія таксама былі ахвярамі злачынстваў. «Здабычу» дзяўчына паводле загаду адвезла за горад і пакінула ў месцы, названым махлярамі.
А ў Берасці 22-гадовую дзяўчыну махляр прымусіў аддаць $ 18 тысячаў, назваўшыся работнікам Камітэту дзяржкантролю і пагражаючы абвінавачаннямі ў спансаванні экстрэмісцкай дзейнасці.
«Падчас размовы зламыснік псіхалагічна ціснуў, пагражаў завядзеннем крымінальнай справы і правядзеннем вобшуку. Каб пазбегнуць гэтага, дзяўчыне прапанавалі „задэклараваць“ ашчаджэнні. Яна сабрала буйную суму і паводле ўказання адвезла ў Баранавіцкі раён. Грошы пакінула каля дарожнага знака. Месца зняла на відэа і адправіла, пацвярджаючы выкананне задання», – напісала БелТА.
Пасля гэтага махляры не супакоіліся і пераконвалі ахвяру ўзяць крэдыт і перавесці грошы на банкаўскі рахунак. Дзяўчына пазычыла Br 15 тысячаў і ледзь не здзейсніла перавод: спынілася, калі выпадкова прачытала ў інтэрнэце публікацыю пра падобны падман. Тады ўжо яна звярнулася ў міліцыю.
Белсат
