З 2024 года ў Беларусі ліквідавалі або пачалі ліквідаваць восем супольнасцяў хрысціян поўнага Евангелля і рэлігійную місію «Глорыя». Пра гэта сведчаць звесткі з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама сэрвісу «Картатэка». Інфармацыю апублікавала «Хрысціянская візія».

Пяць супольнасцяў ужо ліквідаваныя, яшчэ тры знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. У 2024 годзе з дзяржаўнага рэгістра выключылі «Пасольства Божае» ў Слоніме і «Новае пакаленне» ў Наваградку.

У снежні 2025 года, паводле звестак «Картатэкі», ліквідавалі тры супольнасці Гомельскай вобласці: «Царкву Ісуса Хрыста» ў Гомелі, супольнасць «Ісуса Хрыста» ў Мазыры і «Новае пакаленне» ў Гомелі.

Яшчэ чатыры арганізацыі знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Брэсцкі абласны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі супольнасці «Воля Ісуса» ў Жабінцы 23 снежня 2025 года, а «Новага пакалення» ў Баранавічах — 16 студзеня 2026 года. 23 чэрвеня 2026 года Магілёўскі абласны суд пастанавіў ліквідаваць «Царкву Госпада Ісуса Хрыста» ў Асіповічах. У той жа дзень Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў прыняў рашэнне аб ліквідацыі місіі «Глорыя» ў Менску.

Падставы для гэтых рашэнняў у сабраных звестках не пазначаныя.

На пачатак 2024 года ў Беларусі налічвалася 62 супольнасці хрысціян поўнага Евангелля. Такім чынам, восем супольнасцяў, ліквідаваных або тых, што знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі, складаюць 12,9% ад гэтай колькасці — амаль кожную восьмую. Місію «Глорыя» ў гэты разлік не ўключалі.

Хрысціяне поўнага Евангелля — пратэстанцкія супольнасці харызматычнага кірунку, блізкага да пяцідзясятніцтва. Асновай іх веравучэння з’яўляецца Біблія, асаблівае значэнне яны надаюць асабістай веры ў Ісуса Хрыста і дзеянню Святога Духа.