У кастрычніку 2026 года ў Беларусі працягвалася скарачэнне сектара грамадзянскай супольнасці, а рэгістрацыя новых некамерцыйных арганізацый заставалася абмежаванай. Адным з асноўных інструментаў ціску на грамадскія ініцыятывы застаецца заканадаўства аб “супрацьдзеянні экстрэмізму”. Пра гэта гаворыцца ў кастрычніцкім маніторынгу Lawtrend.

Паводле звестак праваабарончай арганізацыі, з пачатку поствыбарчага крызісу 2020 года сукупныя інстытуцыйныя страты сектара грамадзянскай супольнасці склалі не менш за 2090 некамерцыйных арганізацый. З іх не менш за 1272 былі прымусова ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ не менш за 818 прынялі рашэнне пра самастойную ліквідацыю.

У кастрычніку Lawtrend выявіў інфармацыю пра раней прынятыя рашэнні аб прымусовай ліквідацыі трох фондаў і адной недзяржаўнай установы. Таксама не менш за сем НКА прынялі рашэнні пра самастойную ліквідацыю. У арганізацыі адзначаюць, што такія рашэнні пераважна маюць вымушаны характар і звязаныя з рэпрэсіямі, неспрыяльным прававым асяроддзем, рызыкамі для кіраўнікоў і ўдзельнікаў, а таксама фактычнай немагчымасцю працягваць дзейнасць.

Пры гэтым дзяржаўныя органы па-ранейшаму не публікуюць поўную статыстыку пра рэгістрацыю і ліквідацыю некамерцыйных арганізацый. У прыватнасці, няма поўнай інфармацыі пра вынікі перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый, тэрмін якой скончыўся яшчэ ў ліпені 2025 года.