пашпарты

Рэжым Лукашэнкі анулюе дакументы не толькі тым экс-палітвязням, якіх выслаў за мяжу, але і тым, хто застаўся ў краіне. Пра гэта піша праваабарончы цэнтр “Вясна” са словаў аднаго з былых палітвязняў.

Пасля памілавання яму дазволілі застацца ў Беларусі. Але правы мужчыны былі моцна абмежаваныя. Праз некалькі дзён пасля вызвалення ён даведаўся, што ягоны пашпарт ануляваны. Выдаваць новы дакумент у аддзеле грамадзянства і міграцыі адмовіліся.

“Мяне адразу папярэдзілі, што судзімасць з мяне не знялі, бо гэта не прадугледжана ўказам прэзідэнта. На маім пасведчанні толькі напісана пра вызваленне з магчымасцю застацца ў Рэспубліцы Беларусь. То бок, яны нібыта дазваляюць мне жыць у Беларусі”, — расказвае экс-палітвязень.

Яго паставілі на прафілактычны ўлік і забаранілі наведваць масавыя мерапрыемствы, уключаючы гарадскія святы, і збірацца кампаніямі, дзе больш за два чалавекі.

Мужчына кажа, што інспектары ўвесь час пагражалі яму адміністрацыйным пераследам, а таксама папярэджвалі, што на святы будуць “закрываць” у ІЧУ.

Ад экс-палітвязня запатрабавалі цягам 14 дзён знайсці працу. Але ніхто не хацеў браць чалавека з судзімасцю. Да таго ж, мужчына па-ранейшаму лічыцца ў спісах “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”. Гэта значыць, што ён не можа ні адкрыць рахунак у банку, ні нават аформіць на сябе сім-карту тэлефона.

Міліцыянты пагражалі, што калі ён сам не знойдзе працу, яго накіруюць працаваць прымусова. Магчыма нават — на смеццевы палігон.