гарадзенская турма

Палітычнага зняволенага з Гомеля Аляксея Чарнавусава перавялі з калоніі № 11 у Ваўкавыску ў турму № 1 у Гародні. Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».

У траўні 2024 года Гомельскі абласны суд прызнаў Чарнавусава вінаватым у стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама незаконных дзеяннях у дачыненні да маёмасці, падвергнутай вопісу або арышту. Яго асудзілі на чатыры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

24 ліпеня 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала Аляксея Чарнавусава палітычным зняволеным. Пазней ягонае імя ўнеслі ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, які вядзе МУС.

Перавод з калоніі ў турму можа сведчыць пра тое, што супраць палітвязня распачалі новую крымінальную справу паводле артыкула 411 КК — за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы. Аднак пакуль гэта толькі меркаванне праваабаронцаў, афіцыйнай інфармацыі пра новую справу няма.