Мажэйка і Маркевіч

25 гадоў таму (2001) – Вышэйшым гаспадарчым судом Рэспублікі Беларусь зачынена газета “Пагоня”. Пазьней галоўны рэдактар газеты Мікола Маркевіч і журналіст Павал Мажэйка былі засуджаны на два гады спецпасялення паводле крымінальнай справы за “паклёп на прэзідэнта”.

За змест некалькіх публікацый газета была закрытая 12 лістапада 2001 суддзём Валерыем Жандаравым (надзвычай сімвалічнае прозвішча) у выніку позвы Гарадзенскай пракуратуры.

Галоўны рэдактар Мікола Маркевіч і журналіст Павел Мажэйка ў 2002 годзе былі засуджаны за «паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з абвінавачаннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў» і сталі аднымі з першых палітвязняў у незалежнай Беларусі. Працэс некалькі разоў адкладаўся, бо суд не адважваўся распачынаць пасяджэнне, калі да будынка суда сцякаліся соткі людзей: праваабаронцаў, айчынных і замежных журналістаў, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу.

У Гародні ў многіх месцах вясной 2002 года з’яўляліся графіці ў падтрымку Маркевіча і Мажэйкі. Праходзілі акцыі салідарнасці. 1 красавіка каля будынка аблвыканкама адбыўся несанкцыянаваны пікет у абарону Маркевіча і Мажэйкі. Удзельнікі пікету трымалі ў руках плакаты з лозунгамі : «Мажэйка, Маркевіч – хто наступны?», «Свабода = Свабода слова», «Разам за ПАГОНЮ!». 5 красавіка адбыліся пікеты каля аблвыканкама і на плошчы Савецкай. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках транспаранты: «Рукі прэч ад Маркевіча і Мажэйкі», «Быў бы журналіст – камера будзе», «Я таксама пішу праўду пра прэзідэнта. Я наступны?». Удзельнікі некаторых пікетаў былі затрыманыя і асуджаныя да адміністрацыйнага арышту.

Мікола Маркевіч быў засуджаны на 1,5 года абмежавання волі, Павел Мажэйка – да 1 году абмежавання волі (вырак суду прысуджаў кожнаму на год больш, але тэрмін адразу быў скарочаны ў межах аб’яўленай тады амністыі).

Пасля ліквідацыі папяровага выдання Мікола Маркевіч некалькі гадоў кіраваў інтэрнэт-сайтам «Пагоня».

Газета “Пагоня” была зарэгістраваная ў чэрвені 1991 года тагчасным дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР Міколам Маркевічам. Выдавалася культурна-асветніцкім фондам «Бацькаўшчына». Рэдактарам «нулявога» нумара, які выйшаў у 1992 годзе адмыслова да 25 сакавіка быў журналіст і пісьменнік Сяргей Астраўцоў. З 1995 года галоўным рэдактарам быў Маркевіч.

газета "Пагоня"

У “Пагоні” друкаваліся такія вядомыя публіцысты і журналісты як Міхал Карневіч, Зміцер Кісель, Уладзімір Хільмановіч, Сяргей Сноп, Вітаўт Руднік, Юры Гумянюк, Павел Мажэйка, Андрэй Мялешка, Андрэй Пачобут, Юлія Дарашкевіч, Павел Мажэйка ды іншыя.