аграсядзіба

З 20-га лістапада ўладальнікі аграсядзібаў больш не могуць проста здаваць наведнікам лазню або пакоі для адпачынку.

Паводле новых правілаў, паслугі аграсядзібы павінны ўключаць як мінімум два віды абслугоўвання. Пры гэтым адна з паслуг мусіць знаёміць гасцей з мясцовымі традыцыямі, прыродай, побытам або кухняй. Таму ахвотным проста папарыцца ў лазні давядзецца выбіраць дадатковую паслугу — напрыклад, экскурсію, майстар-клас або дэгустацыю мясцовых прадуктаў.

Змяніліся і правілы правядзення святаў. Калі ўладальнікі плануюць гучныя мерапрыемствы на адкрытым паветры побач з участкамі, дзе пастаянна жывуць людзі, ім давядзецца атрымаць пісьмовую згоду суседзяў. Падыдзе нават паведамленне праз SMS або мэсэнджар. Пры гэтым суседзі змогуць адклікаць сваю згоду напярэдадні мерапрыемства.

Новыя нормы прадугледжаныя ўказам аб развіцці аграэкатурызму і накіраваныя на тое, каб аддзяліць сельскі турызм ад звычайнага бізнесу па здачы загорадных дамоў у арэнду.