
фота ілюстрацыйнае
Раённыя газеты Гарадзенскай вобласці як рупары дзяржаўнай прапаганды перыядычна палохаюць грамадзян адказнасцю за захоўванне і распаўсюд “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Апошнім часам такія матэрыялы з’явіліся, прыкладам у карэліцкай газеце “Полымя” і мастоўскім выданні “Зара над Нёманам”.
Цяпер палохаюць нават тым, што паказ экрана смартфону іншаму чалавеку – гэта таксама “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”.
Таксама звычайны аўтаматычны кэш мэсэнджараў, прыкладам нейкія карцінкі, органы таксама лічаць наўмысным “захоўваннем”.
Сілавыя структуры не перастаюць маніторыць прывтаныя акаўнты сацыяльных сетак грамадзян, правяраюць тэлефоны ў час розных выклікаў у міліцыю, КГБ ды іншыя сілавыя органы. Асабліва пільна праглядаюць асабістыя мабільныя носьбіты на мяжы пры пераездзе людзей.
Паводле афіцыйнай статыстыкі на студзень бягучага году, пачынаючы з жніўня 2020 году ў вобласці было пачата звыш 3200 (!) крымінальных спраў паводле “преступлений экстремистской направленности”. Было вызначана больш 800 датычных да экстрэмізму асобаў, у дачыненні да 590 чалавек следчымі падраздзяленнямі справы былі пераданыя пракурорам для накіравання ў суд.
