Гродна-Азот

У адным з цэхаў прадпрыемства “Гродна Азот” адбылася пазапланавая спынка. Гаворка ідзе пра цэх аміяк-3, разам з якім спынілі і звязаны па сыравіне цэх карбамід-3. Пра гэта паведаміла само прадпрыемства, звярнула ўвагу выданне “Позiрк”.

Інцыдэнт адбыўся раніцай 20 красавіка ў 6:23.

Адзначаецца, што “пры спынцы і наступных пускавых аперацыях цэха аміяк-3 з мэтай утылізацыі гаручых рэчываў, якія ўваходзяць у склад тэхналагічнага газу, рэгламентам прадугледжана яго кароткачасовае спальванне на факельнай устаноўцы“. Пасля завяршэння працэсу спальванне спыняецца.

У “Гродна Азоце” сцвярджаюць, што прычын для турботы ў жыхароў горада няма, як і пагрозы для экалогіі.

Папярэдняя аварыйная спынка цэха аміяк-3 адбылася 3 верасня 2025 года. Тады прычынай называлі спыненне падачы паветра на стадыю рыформінгу.