
Фота Беларускага Радыё Рацыя
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі сустрэўся сёння, 22 красавіка ў Варшаве з беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім, якога суправаджаў старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа.
Алесь Бяляцкі падчас свайго спаткання з Прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім падараваў яму кнігі беларускіх аўтараў. У сваю чаргу праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі атрымаў ад прэзідэнта падарунак з выявай Тадэвуша Касцюшкі.
Пра тое, якія галоўныя тэмы ўздымаліся падчас гэтай сустрэчы, Беларускае Радыё Рацыя паразмаўляла з Алесем Бяляцкім:
–Да абеду былі сустрэчы ў Сенаце з нагоды прыняцця Спецыяльнай рэзалюцыі, прысвечанай беларускаму палітвязню Анджэю Пачобуту і таксама 30-годдзю “Вясны”, і тэмам рэпрэсій у Беларусі, правам чалавека ў Беларусі. Адбылася сустрэча з Маршалкам Польскага Сенату Малгажатай Кідавай-Блонскай, потым у Сенаце меў магчымасць выступіць і распавесці пра тое, што адбываецца ў Беларусі і падзякаваць польскаму народу за падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў на працягу фактычна апошніх 30-ці гадоў. Была прынята даволі моцная Рэзалюцыя. І пасля абеду адбылася сустрэча з Прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім, дзе мы абмеркавалі агульную сітуацыю з правамі чалавека, з дэмакратыяй у Беларусі. Спадар прэзідэнт выказаў свае думкі, распавёў пра тое, што робіць Польшча ў гэтым накірунку, каб дапамагчы змяніць сітуацыю ў Беларусі ў лепшы бок. Была нязмушаная, даволі нефармальная гутарка, прысвечаная тэме Беларусі і ўзаемаадносін паміж беларускім і польскім грамадствам.
РР: У Польшчы вельмі востра стаіць пытанне Анджэя Пачобута. Што польскія палітыкі гавораць на гэты конт акрамя таго, што сапраўды журналіста трэба вызваляць з-за кратаў? Якія падыходы? Бо ёсць амерыканскі падыход, еўрапейскі падыход.
Алесь Бяляцкі: Безумоўна, пытанне вызвалення Анджэя Пачобута і іншых беларускіх палітычных вязняў з’яўляецц гарачым і рэальным на палітычнай павестцы дня польскіх палітыкаў. І ў Сенаце, і спадар пэзідэнт казалі пра тое, што яны не забываюць пра Беларусь, нягледзячы на іншыя праблемы, выклікі, якія з’яўляюцца ў свеце: і вайна з Украінай, і крызіс у Іране, і іншыя крызісы. Тым не менш, яны не забываюць пра Беларусь, не забываюць пра Анджэя Пачобута, і польскі ўрад, і прэзідэнт – фактычна ніводнага дня няма, калі б яны забывалі пра гэта. Зразумела, што зараз Анджэй Пачобут можа гэтага не адчувае, ён ізаляваны, як і мы былі ў турме. Мы не ведалі пра ўсе тыя намаганні, якія рабіла еўрапейская супольнасць, у прыватнасці, Польшча, па актуалізацыі сітуацыі ў Беларусі, але калі ён выйдзе на волю, я думаю, ён будзе прыемна здзіўлены тым, што ягонае імя фактычна не сыходзіць з вуснаў польскіх палітыкаў і польскіх грамадскіх дзеячоў.
РР: Таксама зараз праходзіць Сесія Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. Там гучыць пытанне санкцый. Ці ў польскай палітыцы Вы таксама адчуваеце, што гэта патрэбны шлях ціску на ўлады ў Менску?
Алесь Бяляцкі: Я распавядаў і сенатарам, і спадару прэзідэнту пра тое, што менавіта санкцыі спрычыніліся да таго, што мы выйшлі на волю. Не было б санкцый, нішто б не прымусіла гэты рэжым пачаць выпускаць палітвязняў. І агульнае разуменне таго, што гэтыя санкці з’яўляюцца эфектыўным інструментам уплыву на рэжым у Беларусі, я гэта адчуў з польскага боку.
РР: Віншаванні ад Беларускага Радыё Рацыя! Думаю, усе нашыя слухачы далучаюцца да гэтага, Крыж Свабоды, якім учора Вы былі ўганараваныя.
Алесь Бяляцкі: Гэта прыемна, вядома, што апроч міжнародных прэмій ёсць нейкія пазнакі ўжо шматгадовай працы на карысць Беларусі і з боку беларускага грамадства і палітычных лідараў беларускіх. Вядома, мне гэта прыемна і я за гэта ўдзячны!


