грошы

З 1 траўня ў Беларусі зменіцца памер бюджэту пражыткавага мінімуму (БПМ). Новыя паказнікі ўстаноўленыя пастановаю Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і будуць дзеяць да 31 ліпеня. Адпаведную пастанову апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У сярэднім на душу насельніцтва БПМ складзе 509,62 рубля – гэта на 2,5 % больш у параўнанні з папярэднім перыядам (496,96 рубля).

Таксама перагледжаныя значэнні для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групаў:

  • працаздольнае насельніцтва – 554,4 рубля (раней – 534,91);
  • пенсіянеры – 366,59 рубля (360,75);
  • дзеці да трох гадоў – 314,10 рубля (308,10);
  • дзеці ад трох да шасці гадоў – 422,66 рубля (414,55);
  • дзеці ад шасці да васямнаццаці гадоў – 497,66 рубля (489,90).

У звязку з ростам БПМ аўтаматычна павялічацца і шэраг сацыяльных выплатаў. Гаворка пра дзяржаўныя дапамогі сем’ям з дзецьмі, даплаты да пенсіяў, дапамогі ў доглядзе інвалідаў I групы або асобаў, старэйшых за 80 гадоў, а таксама сацыяльныя пенсіі.

З 1 траўня вырастуць і так званыя ўзроставыя даплаты да пенсіяў. Для асобаў векам 75–79 гадоў яны складуць 95,56 рубля (222,97 рубля – пры інваліднасці I групы). Для пенсіянераў ад 80 гадоў – 191,12 рубля, а для інвалідаў I групы – 254,82 рубля.

Паводле Мінпрацы, такія даплаты атрымліваюць больш за 563 тысячы чалавек ва ўзросце 75 гадоў і старэйшых.

Белсат