Журналіст Дзяніс Івашын пяць гадоў за кратамі. Яго затрымалі ў 2021-м. Дзяніс Івашын займаўся расследаваннямі пра расейскі ўплыў у Беларусі, у тым ліку пісаў пра былых “беркутаўцаў” і пра “русский мир”. У выніку засуджаны да 13 гадоў і 1 месяца зняволення па абвінавачанні ў “здрадзе дзяржаве”.

Ці варта чакаць ранейшага вызвалення Дзяніса разам з іншымі палітзняволенымі? Хто мусіць лабіраваць ягонае вызванне? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае жонка журналіста Вольга Івашына.
РР: Што на сённяшні дзень вядома пра Дзяніса? Ці часта да цябе дасягае інфармацыя пра яго?
Вольга Івашына: Прыкладна раз на тыдзень штосьці прыходзіць – ці паштоўка, ці ліст. Гэта на дадзены час адзіны сродак непасрэднай камунікацыі. Дзяніс піша, што з ім, у прынцыпе, усё добра, ніякіх асаблівых зменаў не адбываецца.
РР: У плане таго, што апошнім часама пачалі выпускаць палітвязняў, у тым ліку і журналістаў. Як ты думаеш, ці ёсць надзея, што выпусцяць і Дзяніса. Ці проста так сталася, што за яго няма каму «упісацца»?
Вольга Івашына: Са свайго боку лічу, што робім амаль усё, што можам. Да нас ніякіх пытанняў няма. Ці робяць іншыя, хто мог бы? Пытанне да іх. Не ведаю, можа, як я пісала, адносна Дзяніса, пытанне вырашаецца ў Маскве. І таму, калі няма адтуль дазволу, то ягонае вызваленне адкладаецца. Надзея, канешне, заўсёды ёсць.
РР: Давай нагадаем слухачам, чаму менавіта пытанне пра яго вырашаецца ў Маскве.
Вольга Івашына: Бо мы лічым, што ён знаходзіцца ў палоне. Ён шмат пісаў артыкулаў і збіраў інфармацыю менавіта пра злачынствы Расеі і яе войска. Мы лічым, што пераслед яго пачаўся менавіта пасля таго, як ён больш-менш назбіраў базу дадзеных. Тыя ж самыя артыкулы пра колішніх «беркутаўцаў», яны, напэўна, звязаны больш з Расеяй. У Беларусі іх толькі некалькі Дзяніс знайшоў. Але гэта таксама ўсё звязана з канфліктам ва Украіне, які пачаўся ў 2014 годзе.
РР: Давай згадаем, як адбылося затрыманне Дзяніса. Нагадаем слухачам. Я ведаю, што ты ў сацыяльных сетках падлічваеш, колькі дзён знаходзіцца Дзяніс за кратамі.
Вольга Івашына: Дзяніс збіраўся да бабулі. Ён з дому выйшаў і пайшоў у аптэку. Набыў ёй лекі. І з гэтамі лекамі яго фактычна пад ручкі ўкінулі ў бус і павезлі, я так разумею, ва Упраўленне КДБ па Гарадзенскай вобласці. Першыя добыты, напэўна, былі там.
Я падлічваю кожны дзень. Я пісала, што было пасля арышту, вобшуку і ператрусаў. Пасля, калі з’явілася крыху больш інфармацыі, яшчэ напісала. І вось ужо больш за пяць гадоў пішу штодня.
Цалком размова:
Беларускае Радыё Рацыя
