
Пра гэта паведамляе @dissidentBY. У зняволенні Мікіта правёў 2386 дзён, з іх больш за 648 сутак у ШІЗА.
Гісторыя палітычнага пераследу актывіста анархісцкага руху Мікіты Емяльянава пачалася 20 кастрычніка 2019 года. Пазней, тады 19-гадовага хлопца, засудзілі да сямі гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апеляцыйны суд скараціў тэрмін да чатырох гадоў.
За кратамі яго месяцамі ўтрымлівалі ў штрафных ізалятарах, ён абвяшчаў галадоўкі, яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым і два разы судзілі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» (арт. 411 КК). На волю ён мусіў выйсці ў 2025 годзе, але яго зноў засудзілі.
У турэмных камерах Мікіта пачаў губляць зрок. Два апошнія гады яму забаранялі атрымліваць медычныя бандэролі: ні вітамінаў, ні неабходных прэпаратаў.
Першы фотаздымак Мікіты Емяльянава на волі апублікаваў @dissidentBY.
