
Стала вядома пра прысуд Паўлу Кабярду — беларускаму IT-спецыялісту. Яго засудзілі паводле палітычна матываванай справы за фінансаванне дзейнасці, якую ўлады прызналі экстрэмісцкай.
Справу Паўла разглядалі з 15 па 19 студзеня 2024 года ў Гродзенскім абласным судзе, яе разглядаў суддзя Валерый Раманоўскі, дзяржабвінаваўцам выступіла пракурорка Анастасія Люцко. Мужчыну судзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Падставай сталі грашовыя данаты праз PayPal у 2020-2022 гадах у адрас такіх фондаў і ініцыятыў, як BYSOL, BY_help, BYPOL і іншыя. Большасць данатаў складала ад 10 да 50 еўра, усяго пераводаў было каля дзесяці. Павел прызнаў факты пераводаў і патлумачыў іх жаданнем дапамагчы людзям, якія пацярпелі падчас пратэстаў ці страцілі працу.
19 студзеня 2024 года суд прызначыў Паўлу пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя зняволення, быў прызначаны штраф у памеры 300 базавых велічынь (12 000 рублёў). Пад арыштам для забеспячэння выплаты штрафу засталіся яго кватэра, грошы і бытавая тэхніка. 23 красавіка 2024 года судовая калегія пад старшынствам Аляксандра Рыбакова разгледзела апеляцыйную скаргу, пакінуўшы прысуд без зменаў. 24 траўня 2024 года Павел Каберда быў унесены ў “спіс экстрэмістаў”.
Павел Каберда нарадзіўся ў 1983 годзе ў Гародні. У 2006 годзе ён скончыў магістратуру фізічнага факультэта БДУ. Да затрымання займаў пасаду вядучага інжынера-праграміста (кіруючая пасада) у кампаніі EPAM. У траўні 2020 года Павел разам з камандай іншых IT-супрацоўнікаў дапамагаў беларускім настаўнікам з арганізацыяй сістэмы дыстанцыйнай адукацыі. Павел жанаты, мае двух дзяцей. На момант ягонага затрымання і суда ягоная жонка была цяжарная: ён не бачыў другога дзіцёнка. Мужчыну затрымалі 22 жніўня 2023 года.
