
фота Белсат
Беларускі гарадзенскі рэжысёр-дакументаліст Максім Швед не змог трапіць на борт самалёта кампаніі Ryanair з польскім праязным дакументам замежніка.
Аўтар фільма “Чыстае мастацтва” збіраўся ў Чарнагорыю на паказ сваёй стужкі (“Чыстага мастацтва” і працоўнага матэрыяла будучага праекта “Эфект Джоні Косміка”). Аднак ва Уроцлаўскім аэрапорце яму не далі сесці на борт самалёта, піша канал “Свяшчэнны Белавуд”.
Прычынай стала адсутнасць дзейнага беларускага пашпарта. Максім Швед кажа, што супрацоўнікі аэрапорта не разабраліся з праязным дакументам замежніка і не далі яму вылецець.
“Я прайшоў анлайн-чэкін Ryanair з пазнакай “удакладніць” дакумент у аэрапорце. Там супрацоўніца аэрапорта адаслала да пасрэднікаў Ryanair, бо ў аэрапорце іх непасрэдных працаўнікоў няма. Яны даслалі мой трэвэл-док і карту пабыту ў міграцыйную службу авіякампаніі, а там палічылі што мой польскі трэвэл-дакумент не падыходзіць для наведвання краінаў па-за шэнгенам і адмовілі, не выдаўшы нават афіцыйных папераў пра прычыны адмовы”, — падзяліўся падрабязнасцямі кінематаграфіст.
Дарэчы, беларусы не першы раз трапіляюць у такія сітуацыі. У 2025 годзе наша суайчынніца дамаглася ад Ryanair кампенсацыі за адмову ў пасадцы з польскім падарожным дакументам.
