
Беларусцы прыйшоў падатак за сабак — 714 рублёў. Чаму так шмат?
Сваю жыроўку жыхарка Слоніма выклала ў Threads. Як высветлілася, на яе афіцыйна зарэгістраваны 51 сабака, пішуць «Моцныя навіны».
Дзяўчына — валанцёрка, яна ратуе кінутых жывёл і ўтрымлівае на вёсцы больш за сотню катоў і сабак. Паводле закона, калі на працягу месяца гадаванцу не ўдаецца знайсці дом, валанцёрка абавязаная зарэгістраваць яго на сябе па месцы прапіскі.

У каментарах высветлілася, што дзяўчына ў такой праблеме не адзінокая: беларусы пачалі расказваць пра падобныя выпадкі, дзе падатак выходзіў яшчэ большым. Многіх гэта абурыла — бо валанцёры пры адсутнасці дзяржпрытулкаў дапамагаюць дзяржаве па ратаванні жывёл, але замест падтрымкі атрымліваюць велізарныя рахункі.
Сланімчанка зараз спадзяецца сабраць патрэбную суму праз ахвяраванні.
З гэтага года стаўкі падатку на жывёл выраслі. За звычайнага сабаку трэба плаціць 14 рублёў у квартал, а за патэнцыйна небяспечную пароду — 67 рублёў.
