Анджэй Пачобут

кадр з відэа Gazeta Wyborcza

Журналіст Анджэй Пачобут, нядаўна вызвалены з турмы, плануе вярнуцца ў Гародню да восені 2026 года. У эфіры Польскага радыё ён расказаў, што хоча паўдзельнічаць у з’ездзе Саюза палякаў.

“Ёсць яшчэ некалькі пытанняў, якія пакуль не ўрэгуляваныя, і толькі пасля іх вырашэння я змагу паехаць. У мяне ёсць пэўныя абавязацельствы, бо для майго вызвалення былі прыкладзеныя вялізныя намаганні. Таму калі трэба наведаць Брусель ці нейкае іншае месца, я, вядома, гатовы паехаць туды і расказаць пра сітуацыю, у якой знаходзіўся, і гэтак далей, — расказащ Пачобут. — Але безумоўна, я хацеў бы, каб гэта адбылося як мага хутчэй, каб як мага хутчэй вырашыць усе гэтыя пытанні і паехаць у Гродна. Без сумневу, я вярнуся ў Гродна да з’езда Саюза палякаў, які павінен адбыцца найбліжэйшым часам — найхутчэй, увосень. І да гэтага з’езда я ўжо павінен быць у Беларусі. Гэта дэдлайн”.

Пачобут адказаў і на папрокі праз яго жаданне вярнуцца ў Беларусь. Яны зводзяцца да таго, што для яго вызвалення былі прыкладзеныя вялізныя намаганні. А само яно стала магчымым толькі ў выніку абмену на аднаго з агентаў расейскага ўплыву, затрыманага ў Еўразвязе. І, маўляў, непаважліва было б вяртацца туды, дзе журналіста могуць зноў затрымаць і пасадзіць.

“Умовай майго выезду была магчымасць вяртання ў Беларусь. Калі б такой магчымасці не было, я б не прыняў гэтую прапанову. Для польскага боку зусім не было нечаканасцю, што я захачу вярнуцца ў Беларусь, — сказаў былы палітвязень. — Толькі пасля падключэння амерыканскіх дыпламатаў беларускі рэжым пагадзіўся на тое, каб я мог вярнуцца ў Беларусь і заставацца ў Беларусі.

Я разумею, што з пункту гледжання прапаганды ім было важна абмяняць мяне на кагосьці. Беларускаму боку было важна неяк гэта разыграць. Але я не прасіў памілавання, не прызнаваў віны, а тэрмін майго зняволення ўжо набліжаўся да канца. Мне заставалася правесці ў турме крыху больш за паўтара года”.