кангрэс па палітвязнях

ІІІ Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause адбудзецца 21–22 траўня 2026 года ў Вільні. Арганізатарам выступіць Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы пад патранажам Офіса Святланы Ціханоўскай.

Выбар месца і часу мае сімвалічнае значэнне. Кангрэс прымеркаваны да Дня палітвязня — 21 траўня, калі ў 2021 годзе ў калоніі загінуў актывіст Вітольд Ашурак. Літва ж стала краінай, якая прыняла першыя групы палітвязняў, прымусова перамешчаных пасля вызвалення.

Кангрэс будзе падзелены на два тэматычныя дні:

  • 21 траўня — Дзень салідарнасці. У цэнтры ўвагі будуць турэмная літаратура і рэпартажы з-за кратаў. Удзельнікі абмяркуюць ролю незалежнай культуры ў справе вызвалення вязняў.
  • 22 траўня — Дзень стратэгіі. Гэты дзень закліканы стаць пляцоўкай для пераходу ад фіксацыі злачынстваў да канкрэтных дзеянняў. Сярод асноўных тэм — праца праваабаронцаў ва ўмовах тэрору, этыка дапамогі («крохкая этыка») і эфектыўнасць міжнароднага ціску на рэжым.

Акрамя асноўных панэляў, запланаваны дыскусіі ў фармаце “fishbowl” з удзелам публікі. Удзельнікі змогуць абмеркаваць ролю беларускай дыяспары ў падтрымцы рэпрэсаваных і этычныя пытанні дапамогі сем’ям зняволеных.

Для тых, хто жадае далучыцца да Кангрэса, рэгістрацыя адкрытая да 18 траўня 2026 года. Арганізатары запрашаюць былых палітвязняў, іх родных, праваабаронцаў і палітыкаў да прафесійнага дыялогу. У межах сустрэчы таксама можна будзе прэзентаваць творчыя ініцыятывы ці турэмныя творы, прысвечаныя салідарнасці.

Вясна