
Літоўска-беларуская мяжа. 21 сакавіка 2026 года. Фота: Белсат
На фоне ўсё большага непакою за бяспеку грамадзянаў улады Літвы часцей агучваюць прапановы абмежаваць аўтобусныя зносіны з Беларуссю, а ў Латвіі разважаюць над тым, каб забараніць іх цалкам. Краіны асцерагаюцца, што беларускі рэжым будзе затрымліваць, вербаваць і выкарыстоўваць іншаземцаў у сваіх прапагандысцкіх мэтах.
Нагодай сталі пагрозы затрыманняў, магчымай вербоўкі і выкарыстання іншаземцаў беларускім рэжымам у прапагандысцкіх мэтах, піша delfi.lt.
Напрыклад, беларускія дзяржаўныя СМІ раней пісалі пра арыштаванага ў Беларусі літоўца Міраслава Троцкіса як пра агента літоўскай разведкі, а затрыманага манаха-кармеліта і грамадзяніна Польшчы Гжэгажа Гавэла абвінавацілі ў шпіянажы, каб потым абмяняць на сваіх агентаў у Еўропе. Таму еўрапейскія палітыкі і службы бяспекі ўсё часцей папярэджваюць, што паездка ў Беларусь сёння можа абярнуцца сур’ёзнымі рызыкамі для іншаземцаў.
Па дадзеных Delfi, Латвія зараз абмяркоўвае праект поўнай забароны аўтобусных паездак у Беларусь і Расею. Пры гэтым міністр транспарту суседняй Літвы Эўгеніюс Сабуціс пакуль не бачыць неабходнасці ў поўнай забароне аўтобусных зносін. Па яго словах, колькасць маршрутаў паміж Літвой і Беларуссю ўжо скарацілі амаль удвая, а гэтага дастаткова для кантролю сітуацыі. Зараз з Вільні ў Менск штодня едзе не менш за 12 аўтобусаў.
«Пакуль адпаведныя службы не рэкамендуюць іншых мер, мы не бачым прычын абмяжоўваць свабоду перамяшчэння людзей», – заявіў міністр.
Але, калі суседняя Латвія ўвядзе абмежаванні ці забарону, гэта можа зрабіць і Літва, кажа дэпутат Сейма Літвы Лаўрынас Кашчунас.
«Калі Латвія ўзмацніць абмежаванні, а Літва – не, мы можам стаць слабым звяном», – лічыць ён.
Літва ўжо закрывала мяжу з Беларуссю праз кантрабанду ў канцы кастрычніка 2025 года. Рух быў адноўлены праз некалькі тыдняў. Улады Беларусі заблакавалі літоўскія цяжкавікі ў Беларусі. Ім дазволілі выехаць толькі ў канцы сакавіка 2026 года.
Чыгуначныя пасажырскія перавозкі паміж ЕЗ і Беларуссю не працуюць ужо шосты год. Рух быў спынены вясной 2020 года. Першапачаткова гэта было звязана з пандэміяй COVID-19, аднак пазней аднаўленне маршрутаў стала немагчымым з-за палітычнага крызісу і пазіцыі краін Еўрасаюза па пытаннях бяспекі.
Прамое авіяцыйнае спалучэнне паміж Беларуссю і суседнімі краінамі Еўразвязу таксама цалкам адсутнічае з траўня 2021 года пасля інцыдэнту з прымусовай пасадкай уладамі Беларусі самалёта Ryanair у Менску. Тады краіны Еўрасаюза афіцыйна закрылі сваю паветраную прастору для беларускіх авіякампаній і забаранілі сваім перавозчыкам лятаць над Беларуссю.
Белсат
