Наталля Чубоўская

Наталля Чубоўская трапіла за краты па абвінавачванні ў садзейнічанні і фінансаванні «экстрэмізму».

Наталлі Чубоўскай 45 гадоў, яна жыве ў Гародні. Доўгі час працавала прафесійнай візажысткай, грымёркай і бутафоркай. Жанчына стварала вясельныя вобразы і прымала кліентак у мясцовым салоне прыгажосці. Таксама яна ўдзельнічала ў адкрыцці арт-студыі Le Grand.

Наталля Чубоўская — вядомы ў горадзе над Нёманам чалавек. У яе інстаграме больш за 9 тысяч падпісчыкаў, у жанчыны шмат кліентаў і свой салон.

Чубоўскую арыштавалі 25 жніўня 2025 года і змясцілі ў СІЗА. Яе абвінавацілі па васьмі палітычных артыкулах — «фінансаванне экстрэмізму» (ч. 1 і 2 арт. 361‑2 КК), «садзейнічанне экстрэмізму» (ч. 1 і 2 арт. 361‑4 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 1 і 2 арт. 367 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «абраза суддзі» (арт. 370 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).

Гарадзенскі абласны суд прызначыў ёй суровае пакаранне — 5 гадоў і 5 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя таго, ёй прысудзілі велізарны штраф — 22500 рублёў.