Amnesty International

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала штогадовую справаздачу аб смяротных пакараннях у розных краінах свету. У ёй адзначаецца, што ўпершыню з 1994 года летась у Беларусі не было зарэгістравана ніводнага новага смяротнага прысуду. Аднак гэта не значыць, што іх насамрэч не было.

Паводле Amnesty International, 2025 год стаў першым з моманту прыходу да ўлады ў 1994 годзе Аляксандра Лукашэнкі, калі не было зафіксавана ні новых смяротных прысудаў, ні іх выканання. Аднак, разам з тым, у справаздачы адзначаецца, што цягам 2025 года інфармацыя пра некаторыя краіны, у прыватнасці пра Беларусь, Лаос і Паўночную Карэю, была мала ці зусім недаступная праз абмежавальныя практыкі дзяржаваў.

Такім чынам, для значнай колькасці краінаў звесткі Amnesty International пра выкарыстанне смяротнага пакарання ёсць мінімальна зарэгістраванымі. Сапраўдныя агульныя лічбы, верагодна, вышэйшыя», – зазначаюць праваабаронцы.

Арганізацыя не змагла пацвердзіць колькасць людзей, асуджаных на смяротнае пакаранне ў Беларусі, паколькі ўлады выконвалі прысуды ў строгай сакрэтнасці і не адказвалі на запыты арганізацыі.

«У канцы справаздачнага перыяду лёс і месца перабывання двух мужчынаў, чые смяротныя прысуды былі пацверджаныя Вярхоўным судом у 2020 і 2024 гадах адпаведна, заставаліся невядомымі. На падставе наяўнай інфармацыі Amnesty International ацэньвае, што як найменш адзін чалавек заставаўся асуджаным на смяротнае пакаранне ў Беларусі да канца 2025 года», – пішуць праваабаронцы.

Паводле Amnesty International, у 2025 годзе ў свеце пакаралі смерцю 2707 чалавек – гэта найбольшая колькасць выканання смяротных прысудаў з 1981 года, калі арганізацыя пачала весці статыстыку. Усе яны прыпадаюць на 17 краінаў.

Больш за ўсё пакараных смерцю было ў Іране – 2159 чалавек. На другім месцы – Саудаўская Аравія: 356 чалавек. Далей ідуць ЗША, дзе пакаралі смерцю 47 чалавек, Егіпет – 23 чалавекі, Кувейт і Сінгапур – па 17 чалавек.

Статыстыка за 2025 год не ўлічвае пакаранняў, што выконваюцца ў Кітаі.

У 2024 годзе арганізацыя зафіксавала ў свеце 1519 смяротных пакаранняў. Тады Amnesty International ацэньвала гэтую колькасць як максімальную з 2015 года, калі пакаралі смерцю як мінімум 1634 асобаў. У гэтыя падлікі не ўключаныя тысячы людзей, якія, мяркуецца, былі пакараныя ў Кітаі, Паўночнай Карэі і Вʼетнаме. Таксама праз збройныя канфлікты ў Палестыне і Сірыі Amnesty International не змагла атрымаць надзейнай і пацверджанай інфармацыі з гэтых краінаў.

У Беларусі з 2015 па 2024 гады былі вынесеныя 24 смяротныя прысуды, адзначалі летась пад канец года беларускія праваабаронцы ў аналізе з нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання 10 снежня.

За апошнія 5 гадоў было вынесена 5 смяротных прысудаў: Станіславу Косцеву, Іллю Косцеву, Віктару Скрундзіку, Аляксандру Таратуту і грамадзяніну Нямеччыны Рыка Крыгеру. Браты Косцевы і Рыка Крыгер былі памілаваныя.

Праваабаронцам вядома пра два расстрэлы ў 2020–2024 гадах: былі пакараныя Віктар Скрундзік за серыю забойстваў пенсіянераў пад Слуцкам у 2019 годзе і Віктар Паўлаў, асуджаны за забойства дзвюх сталых жанчын у Віцебскім раёне ў снежні 2018 года.

Беларускія праваабаронцы ў сваёй справаздачы таксама падкрэслівалі, што не валодаюць інфармацыяй пра вынесеныя альбо прыведзеныя ў выкананне смяротныя прысуды ў 2025 годзе.

Белсат