
Найбольшая колькасць зваротаў аб прыстанішчы ад беларусаў у Літве прыйшлася на 2022 год (416 чалавек). Пра гэта сведчаць даныя са штогадовых справаздач Дэпартамента міграцыі.
Еўрарадыё адзначыла некалькі цікавых лічбаў у справаздачах.
Міжнародная абарона
Вось як змянялася колькасць пададзеных хадайніцтваў грамадзянамі Беларусі па гадах:
- 2020 год: 81 хадайніцтва
- 2021 год: 260 хадайніцтваў
- 2022 год: 416 хадайніцтваў (пікавы паказчык)
- 2023 год: 287 хадайніцтваў
- 2024 год: 140 хадайніцтваў
- 2025 год: 83 хадайніцтвы
У інфаграфіцы ніжэй можна паглядзець, колькі было станоўчых і адмоўных рашэнняў.
Пагроза нацыянальнай бяспецы
Пазбаўленне абароны і права на пражыванне часцей за ўсё адбывалася праз ануляванне відаў на жыхарства (ВНЖ) з меркаванняў “пагрозы нацыянальнай бяспецы”.
Ануляванне часовых ВНЖ (TRP):
- 2021 год: 2 чалавекі
- 2022 год: 2 чалавекі
- 2023 год: 462 чалавекі
- 2024 год: 175 чалавек
- 2025 год: 214 чалавек
Ануляванне пастаянных ВНЖ (LRP):
- 2023 год: 8 чалавек
- 2024 год: 9 чалавек
- 2025 год: 5 чалавек
У агульных даных (па ўсіх краінах, уключаючы Беларусь) зафіксаваны выпадкі адмены дазволаў на пражыванне менавіта праз адкліканне статусу ўцекача. У 2024 годзе было 5 такіх выпадкаў, а ў 2025 — 3.
Таксама ў агульнай статыстыцы за 2023 год было зафіксавана 12 выпадкаў, калі дадатковая або часовая абарона была адклікана ў адпаведнасці з устаноўленай законам працэдурай.
У 2023–2025 гадах рэзка ўзрасла колькасць адмоў у выдачы або падаўжэнні ВНЖ беларусам па прычынах бяспекі: 951 адмова ў 2023 годзе, 411 — у 2024 годзе і рэкордныя 1 414 адмоў у 2025 годзе.
Колькі беларусаў у Літве
Грамадзяне Беларусі доўгі час заставаліся адной з найбуйнейшых груп замежнікаў у краіне. З 2024 года назіраецца тэндэнцыя да змяншэння іх агульнай колькасці.
- 2024 год: 62 167 чалавек
- 2025 год: 57 511 чалавек
- 2026 год (папярэдне): ~57 000 чалавек (даныя ўдакладняюцца)
Важна адзначыць, што ў 2020–2023 гадах у Літве назіраўся імклівы рост агульнай колькасці замежнікаў — з 73,8 тысячы да 189,4 тысячы чалавек. Беларусы складалі значную частку.
