
Былы палац Радзівілаў у Дзятлаве, які доўгі час стаяў закінутым, нарэшце знайшоў новага ўладальніка. Яго прадалі на аўкцыёне за сімвалічную суму — 90 рублёў. Пакупніцай стала расейка Таццяна, якая цяпер жыве ў Менску, піша Sputnik.
Расіянка прызналася, што мець уласны палац было яе дзіцячай марай, і цяпер яна хоча не проста валодаць гэтым будынкам, а аднавіць яго і зрабіць даступным для людзей.
Гэты палац мае доўгую і не да канца вывучаную гісторыю. Лічыцца, што каменны будынак узвялі прыкладна ў 1751 годзе прадстаўнікі роду Радзівілаў, магчыма, з удзелам італьянскага архітэктара. Але існуюць і іншыя версіі, паводле якіх яшчэ ў XV стагоддзі на гэтым месцы ўжо стаяў палац або ўмацаванне, звязанае з іншымі шляхецкімі родамі. У розныя часы будынак перабудоўваўся, змяняў уладальнікаў і перажываў разбурэнні. Напрыклад, падчас войнаў ён моцна пацярпеў, а пасля паўстання 1830—1831 гадоў быў канфіскаваны ва ўладальнікаў.
З цягам часу палац страціў сваё першапачатковае значэнне і выкарыстоўваўся для розных патрэб: там размяшчаліся школа, бальніца, вайсковы шпіталь, прытулак, а пазней — гарадская стаматалогія, якая працавала там да 2010 года. Пасля гэтага будынак апусцеў і пачаў паступова разбурацца.
Палац неаднаразова спрабавалі прадаць, пачынаючы з 2015 года, але доўгі час не знаходзілася пакупнікоў. Адзін з папярэдніх уладальнікаў — таксама, дарэчы, расеец, — у 2022 годзе набыў яго за невялікія грошы, але не выканаў абавязанняў рэстаўрацыі, і будынак вярнулі дзяржаве. У выніку яго зноў выставілі на таргі, дзе расейка Таццяна была адзінай удзельніцай.
Разам з купляй палаца яна ўзяла на сябе шэраг абавязкаў перад дзяржавай: неабходна захаваць помнік і на працягу пяці гадоў увесці яго ў эксплуатацыю. Пры гэтым аднаўленне патрабуе значных сродкаў і ўдзелу спецыялістаў, бо гаворка ідзе пра гістарыка-культурную каштоўнасць.
Пачаткова новая ўладальніца плануе адрамантаваць частку будынка — уваход, калідор і адну з залаў — каб адкрыць іх для наведвальнікаў. Экскурсіі будуць праводзіцца сумесна з мясцовым музеем. Паралельна будуць весціся рэстаўрацыйныя работы.
