
фота ілюстрацыйнае
Каротка:
- сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі характарызуецца праваабаронцамі як крытычная; дзяржаўны тэрор і рэпрэсіі ў дачыненні да іншадумцаў, патэнцыйных палітычных апанентаў, удзельнікаў пратэстных ініцыятыў, журналістаў і праваабаронцаў працягваюцца і не слабеюць;
- няма сістэмных паляпшэнняў сітуацыі з правамі чалавека альбо сігналаў, якія сведчаць пра намер уладаў прыступіць да працэсу нацыянальнага прымірэння: колькасць палітвязняў зноў расце і набліжаецца да тысячы, грамадзянская супольнасць у Беларусі разгромленая, палітычная апазіцыя і сотні НДА ліквідаваныя або выцесненыя за межы краіны, працягваюцца пераслед, дэпартацыі, па-ранейшаму фіксуюцца катаванні і забароненае абыходжанне;
- улады Беларусі па-ранейшаму падтрымліваюць Расійскую Федэрацыю ў несправядлівай вайне супраць Украіны;
- на канец траўня 2026 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 854 палітычных зняволеных, у тым ліку 112 жанчын. Колькасць былых палітвязняў склала 3 833 чалавекі;
- мінімум 170 палітвязняў знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы праз свой стан здароўя, узрост або абставіны зняволення;
- за месяц праваабаронцы прызналі палітвязнямі 32 чалавекі;
- працягваюцца трансгранічныя рэпрэсіі — у выглядзе адвольнага крымінальнага пераследу, унясення ў пералікі “экстрэмістаў”, прымусу да негалоснага супрацоўніцтва, сачэння і ціску праз родных і блізкіх, якія засталіся ў Беларусі;
- праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна фіксуюць і дакументуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама ў працэсе адбыцця крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання па палітычна матываваных справах;
- свабода асацыяцый і свабода выказвання меркаванняў рэгулярна падвяргаюцца нападам уладаў: іншадумцы і ўдзельнікі грамадскіх ініцыятыў падвяргаюцца адвольным арыштам і пераследу; улады пашыраюць абмежаванні на атрыманне і распаўсюд інфармацыі;
- рэгулярна папаўняюцца спісы “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”, “экстрэмісцкіх” фармаванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу і ўзмацнення дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій.
Палітычна матываваны пераслед і палітычныя зняволеныя
Статыстыка
З 2020 года мінімум 9 792 чалавекі сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным пераследам і мінімум 8 477 чалавек былі асуджаныя, у тым ліку завочна. Дадзеныя паказчыкі працягваюць расці кожны месяц, хоць праваабаронцы істотна абмежаваныя ў магчымасцях атрымання інфармацыі аб пераследах.
На канец красавіка ў няволі застаюцца 854 палітычныя зняволеныя, у тым ліку 112 жанчын. Колькасць былых палітвязняў склала 3 833 чалавекі, у тым ліку 765 жанчын. Вядома пра не менш за 170 палітвязняў у асабліва ўразлівым становішчы праз свой стан здароўя, узрост або абставіны зняволення.
За месяц праваабаронцы прызналі палітвязнямі 32 чалавекі.
Зніжэнне колькасці новых прызнанняў палітвязнямі не азначае змяншэння маштабаў рэпрэсій: праваабаронцам становіцца ўсё больш складана атрымліваць інфармацыю праз тое, што ўлады не дапускаюць яе ў публічны доступ і ўзмацняюць ціск на людзей, якія паведамляюць пра пераслед.
Рэпрэсіі
Зафіксавана больш за 30 выпадкаў ператрусаў у актывістаў, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі. У шэрагу выпадкаў ператрусы былі звязаныя з выбарамі ў Каардынацыйную раду (альтэрнатыўны прадстаўнічы орган прадэмакратычных сіл Беларусі) і мерапрыемствамі да Дня Волі (25 сакавіка). Акрамя афіцыйных следчых дзеянняў фіксуюцца розныя нефармальныя формы ціску на актывістаў, якія з’ехалі і дэпартаваныя, а таксама на іх сваякоў у Беларусі.
У абноўленую базу вышуку Расійскай Федэрацыі ўнесены каля 6000 грамадзян Беларусі. Звычайна прысутнасць у расейскай базе вышуку азначае, што чалавек унесены ўладамі Беларусі ў базу міждзяржаўнага вышуку СНД.
Паведамлялася пра выпадкі затрыманняў у Арменіі і ў Італіі грамадзян Беларусі, якія пераследуюцца па палітычных матывах, па запытах афіцыйнага Мінска аб выдачы.
На ўездзе ў Беларусь працягваліся ўзмоцненыя праверкі, допыты і затрыманні актывістаў, якія з’ехалі пасля 2020 года. У тым ліку, паведамлялася пра выпадкі асабістых надглядаў з поўным распрананнем.
Асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах, якія абскарджваюць прысуды перад адпраўкай адбываць абмежаванне волі, вымушаюць падпісваць дакументы аб магчымай дэпартацыі з Беларусі ў выпадку паўторнага парушэння закона.
Пачашчаецца практыка пераследу за скаргі на дзяржорганы. Так, паведамлялася, што ў Лідзе ў мужчыны ператрус справакавала скарга ў ДАІ.
Палітзняволеныя
Палітвязні працягвалі сутыкацца з выбарчымі ў параўнанні з іншымі асуджанымі абмежаваннямі правоў, ціскам, негуманнымі ўмовамі і адсутнасцю якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі.
Адной з формаў сістэмнага ціску на палітвязняў з’яўляецца пастаноўка на прафілактычны ўлік як “схільных да экстрэмізму”, які накладвае шэраг істотных абмежаванняў і пазбаўленняў. Пры гэтым, адзначаецца, што дадзеная практыка ў апошні час распаўсюджваецца на больш шырокае кола зняволеных.
Дзяржаўны тэлеканал АНТ анансаваў выхад фільма “Рынга. Агент літоўскіх спецслужбаў” пра палітзняволенага грамадзяніна Літвы Міраслава Троцкіса, які абвінавачваецца ў шпіянажы і агентурнай дзейнасці. Сцвярджэнні аб даказанасці абвінавачвання і прадстаўленне абвінавачанага як злачынца задоўга да разгляду справы ў судзе сур’ёзна парушаюць прэзумпцыю невінаватасці. Гэта, у сваю чаргу, падрывае магчымасць вынясення справядлівага прысуду.
У рэжыме інкамунікада працягвае знаходзіцца Уладзімір Кніга з 5 верасня 2023 года. Стала вядома, што яму ў трэці раз прад’яўлена абвінавачванне ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт.411 КК).
Такія абвінавачванні на практыцы часта выкарыстоўваюцца ў якасці меры ціску і прад’яўляюцца за сукупнасць нязначных дысцыплінарных парушэнняў, за якія, зняволеныя ўжо панеслі адказнасць, часта са змяшчэннем у ШІЗА.
Па дадзеных абвінавачваннях таксама асудзілі Іллю Верамеева і Сяргея Канавалава.
На волю выйшаў Мікіта Емяльянаў, у зняволенні ён правёў мінімум 648 дзён у ШІЗА, аб’яўляў галадоўкі, яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым і двойчы судзілі паводле арт. 411 КК.
Вядома пра 11 палітвязняў, якія на дадзены момант адбылі прызначаны судом тэрмін і ўтрымліваюцца ў няволі па прызначаным судом дадатковым тэрміне пазбаўлення волі па арт.411 КК. Гэтай меры падвергліся 43 палітвязні, некаторыя — неаднаразова. Агулам вядома пра 83 асуджаных па палітычных матывах, якім падаўжаўся тэрмін зняволення па арт. 411 КК з 2020 года.
Аб фізічным і псіхалагічным стане палітвязняў, якія застаюцца ў няволі, працягваюць паступаць трывожныя звесткі.
Так, у зняволенні па-ранейшаму ўтрымліваюць Уладзіміра Гундара, які мае інваліднасць у сувязі з адсутнасцю адной нагі, а таксама Вацлава Арэшку і Вольгу Чукараву, якія страцілі зрок у зняволенні.
На працягу месяца паступалі паведамленні аб сур’ёзным пагаршэнні стану здароўя Людмілы Чэкінай, Яўгена Скочкі, Кірыла Ашурка і Кірыла Пазняка.
Пераслед былых палітвязняў і іх блізкіх
Праваабаронцы фіксуюць, што вызваленыя палітвязні ў Беларусі, уключаныя ў спісы “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”, працягваюць сутыкацца з сур’ёзнымі абмежаваннямі, уключаючы працаўладкаванне, доступ да банкаўскіх паслуг, мабільнай сувязі і распараджэнне маёмасцю.
У Гомелі былых палітвязняў масава выклікаюць на “прафілактычныя апытанні”, падчас якіх невядомыя асобы ў цывільным апытваюць іх аб палітычных поглядах, галасаванні, кантактах за мяжой і атрыманай дапамозе.
Прымусова высланы з Беларусі былы палітвязень Павел Нікіценка быў уключаны ўладамі Беларусі ў міждзяржсудартсвенную базу вышуку СНД — ён апынуўся ў публічна даступнай базе вышукваемых асоб МУС Расійскай Федэрацыі.
Кватэра прымусова высланага былога палітвязня Яўгена Кіслава арыштаваная і апячатаная Камітэтам дзяржаўнай бяспекі.
Супраць былога палітвязня і лідара БХД Паўла Севярынца заведзеная новая крымінальная справа — за ўдзел у акцыі да Дня Волі за мяжой.
Facebook-старонка памерлага ў калоніі палітвязня мастака Алеся Пушкіна прызнаная экстрэмісцкім матэрыялам.
Падаўленне свабоды асацыяцыі і свабоды мірных сходаў
6 і 7 мая 2026 года следчыя органы і Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі правялі серыю ператрусаў у селішчах кандыдатаў, якія ўпершыню балатуюцца ў Каардынацыйную раду (альтэрнатыўны прадстаўнічы орган прадэмакратычных сіл Беларусі), і ў іх сваякоў у Беларусі. Пправаабарончаму цэнтру “Вясна” вядома пра больш за 20 кандыдатаў, якія сутыкнуліся з ператрусамі ў іх сваякоў у Беларусі, іх запалохваннем, а ў некаторых выпадках — арыштам маёмасці.
Следчыя дзеянні праводзяцца ў сувязі з крымінальнай справай, узбуджанай па артыкулах 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), 356 (Здрада дзяржаве), 357 (змова з мэтай захопу ўлады), 361 (патрабаванні аб прымяненні санкцый і іншых мер абмежавальнага характару) Крымінальнага кодэкса.
Акрамя правядзення афіцыйных следчых дзеянняў прадстаўнікі ўлады актыўна запалохваюць і аказваюць ціск як на сваякоў у Беларусі, так і на кандыдатаў у Каардынацыйную раду, якія знаходзяцца за мяжой. Так, кандыдат Мікалай Ляпешка распавёў пра пагрозы затрымання ягонага брата, калі ён не здыме сваю кандыдатуру і не вернецца ў Беларусь.
Кандыдатка Ганна Федаронак, якая таксама з’яўляецца адміністратаркай шэлтара для былых палітвязняў, атрымлівае пагрозы ў свой адрас і на адрас яе сваякоў: ёй даслалі пахавальны вянок, і дасылаюць паведамленні з пагрозамі і фотамантажом надмагілляў яе сваякоў, уключаючы непаўналетніх унукаў.
Сілавыя органы таксама сцвярджалі пра шэраг затрыманняў людзей у Беларусі, якія галасавалі за новы склад Каардынацыйнай рады.
ГУБАЗіК паведаміў пра затрыманне ўдзельнікаў руху “антыфа” пад Баранавічамі.
Ініцыятыва “анархічны чорны крыж-Беларусь” (ABC-Belarus), якая займаецца ў тым ліку падтрымкай зняволеных анархістаў і антыфашыстаў, прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем.
Набірае абароты крымінальны пераслед удзельнікаў вулічных акцый да Дня Волі (25 сакавіка) за мяжой. 21 траўня КДБ правёў рэйд з ператрусамі ў сваякоў актывістаў, якія знаходзіліся ў выгнанні, з прычыны ўдзелу ў акцыях да Дня Волі сёлета ў Літве, Польшчы і ЗША. Па наяўных дадзеных, закрануты больш за 30 актывістаў.
Стала вядома пра суды па адміністрацыйных справах з прызначэннем вялікіх штрафаў супраць трох удзельнікаў святкавання ў сакавіку ў Гомелі “Гукання вясны”, традыцыйнага нацыянальнага абраду. Нягледзячы на тое, што мерапрыемства, як паведамлялася, першапачаткова было ўзгоднена з мясцовымі ўладамі, яго ўдзельнікі сутыкнуліся з адміністрацыйным пераследам.
Паведамлялася таксама пра рэйды сілавых структур з ператрусамі і затрыманнямі да ўдзельнікаў паслявыбарчых пратэстаў 2020 года, нягледзячы на мінулы тэрмін даўнасці.
Парушэнне свабоды выказвання меркавання
Праваабаронцы працягваюць фіксаваць адміністрацыйны і крымінальны пераслед, абмежаванне і пазбаўленне волі за мірнае выказванне меркавання, уключаючы пераслед за праяву нелаяльнасці да дзейных уладаў Беларусі. Працягваўся пераслед у сферы культуры.
Спіс забароненых для распаўсюджвання ў Беларусі кніг пашыраны да 258 пазіцый.
Анлайн-Бібліятэка Kamunikat.org з кнігамі на беларускай мове перастала працаваць пасля хаккерскіх атак, найбольш верагодна каардынуемых уладамі Беларусі з мэтай знішчэння забароненай літаратуры.
Анлайн-крамы беларускай нацыянальнай айдэнтыкі і моўная школа прызнаныя па рашэнні КДБ экстрэмісцкімі фармаваннямі.
14 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве (арт.19.1 КаАП) атрымаў таксама музыка Аляксей Хлястоў, які быў затрыманы, верагодна, за публічныя выказваньні супраць “чорных сьпісаў” музыкаў у Беларусі.
Супраць музыкі Сяргея Міхалка паводле дыфамацыйных абвінавачванняў у распальванні нянавісці і абразе А. Лукашэнкі распачатая спецвытворчасць, якая дазваляе асудзіць завочна.
14 дзён адміністрацыйнага арышту атрымала грамадзянка Ірана Хатэрэ Хадададзі, затрыманая за каментары пра Іран у сацсетках. Паводле інфармацыі ManotoTV, яе затрыманне было ініцыяванае пасольствам Ірана ў Беларусі.
Пераслед праваабаронцаў
У няволі застаюцца праваабаронцы Уладзімір Целяпун, які ўтрымліваецца ў СІЗА па абвінавачванні ў экстрэмізме і дыфамацыі, і Віталь Чопік, які адбывае сем гадоў пазбаўлення волі за перадачу інфармацыі аб палітычна матываваных судах.
Суды працягваюць прызнаваць экстрэмісцкімі матэрыяламі сацсеткі ПЦ “Вясна”, яго Валанцёрскай службы, кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі ” і персанальную TikTok-старонку Леаніда Судаленкі.
На продаж выстаўленая кватэра праваабаронцы і журналіста Уладзіміра Хільмановіча; раней ён быў завочна асуджаны да пазбаўлення волі.
У кватэры праваабаронцы ПЦ “Вясна” Уладзіміра Лабковіча прайшоў ператрус.
Пераслед журналістаў
Працягваўся таргетаваны пераслед незалежных медыя і журналістаў. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, 21 супрацоўнік медыя знаходзіцца ў няволі.
Незалежнае Гомельскае медыя “Флагшток” паведаміла пра ператрусы ў бацькоў двух чалавек, звязаных з медыя.
КДБ прызнала Беларускую асацыяцыю журналістаў экстрэмісцкім фармаваннем. Пры гэтым у дакуменце МУС пазначаны не сайт БАЖ, а лунінецкі сайт proinfo.news і яго сацыяльныя сеткі. “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ужо была прызнана экстрэмісцкім фармаваннем рашэннем КДБ 28 лютага 2023 года.
Супраць былой вядучай дзяржаўнага Гомельскага радыё 107,4 FM Джэмы Брайт, якая знаходзіцца за межамі Беларусі, распачатая крымінальная справа.
Пераслед за салідарнасць з Украінай у кантэксце вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны
На канец месяца праваабаронцам вядома пра як мінімум 171 асобаў, пазбаўленых волі альбо адбываюць абмежаванне волі за салідарнасць з Украінай.
Вынесены абвінаваўчы прысуд былому супрацоўніку міліцыі Івану Войнаву, затрыманаму ў 2025 годзе за сувязі з Палком Каліноўскага. Рашэнне суда на дадзены момант невядома.
Стала вядома, што Глеб Панасюк, асуджаны ў пачатку 2026 года да пяці гадоў пазбаўлення волі, быў асуджаны за намер служыць у палку Каліноўскага.
Аляксандр Новікаў быў асуджаны за садзейнічанне экстрэмізму за перадачу інфармацыі “Беларускаму Гаюну” да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі.
Сяргей Рыбалёў быў асуджаны за садзейнічанне экстрэмізму — па справе “Гаюна”, а таксама за абразу прадстаўніка ўлады, прызначанае пакаранне на дадзены момант невядома.
Былы добраахвотнік палка Каліноўскага Максім Шабуцкі завочна асуджаны да 19 гадоў пазбаўлення волі па 18 артыкулах КК, у тым ліку абвінавачванні тычацца дыфамацыі і экстрэмізму.
Былы палітвязень Ціхан Клюкач, добраахвотнік палка Каліноўскага, загінуў ва Украіне.
Парушэнне правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам
У траўні праваабаронцы працягвалі фіксаваць крымінальны пераслед і затрыманні па надуманых абвінавачваннях у “экстрэмізме” і “тэрарызме”.
У тым ліку, як і ў мінулыя месяцы, фіксуецца вялікая колькасць крымінальных абвінавачванняў і асуджэнняў за “садзейнічанне экстрэмізму” за шырокі спектр мірнага ўзаемадзеяння з незалежнымі медыя, праваабарончымі арганізацыямі, прадэмакратычнымі палітычнымі ўтварэннямі, фондамі салідарнасці і г. д.
Начальнік аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласьці Дзмітры Кудраўцаў заявіў, што за вучобу і працу ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, прызнаным Вярхоўным судом экстрэмісцкай арганізацыяй, можа пагражаць крымінальная адказнасьць і пазбаўленьне волі да шасці гадоў.
Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі, як і ў мінулыя месяцы, працягвалі папаўняць у пазасудовым парадку пералікі, якія маркіруюць фізічных асоб, арганізацыі, ініцыятывы, якія адносяцца да “экстрэмізму” і “тэрарызму”.
У пераліку тэрарыстаў на канец траўня лічыцца 1614 чалавек, з іх 696 — грамадзяне Беларусі. У сакавіку ў пералік былі ўнесены 18 чалавек. Пералік тэрарыстычных арганізацый налічвае 484 пазіцыі, у бягучым месяцы ён не папаўняўся.
Пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмізму з чатырох частак у траўні папоўніўся 72 асобамі і ўключае 6650 чалавек. Пералік экстрэмісцкіх фармаванняў папоўніўся на сем пазіцый і ўключае 371 арганізацыю і ініцыятыву.
Напрыклад, у пералік тэрарыстаў трапіла пенсіянерка з Гомеля палітзняволеная Вольга Строева.
Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які вядзе Міністэрства інфармацыі на падставе рашэнняў суда, таксама папаўняўся на працягу месяца.
Так, напрыклад, экстрэмісцкім матэрыялам быў прызнаны’ зварот беларускіх святароў “Ліст святароў і свецкіх да хрысціян Беларусі”, апублікаваны на сайце pravmir.ru увосень 2020 года з заклікам да ўдадаў Беларусі спыніць міліцэйскі гвалт і пачаць мірны дыялог з пратэстоўцамі.
На грамадскае абмеркаванне вынесены праект пастановы Савета Міністраў “аб рэестры фізічных асоб, якія ажыццяўляюць самастойную прафесійную дзейнасць па навучанні дзяцей”. Згодна з ім прапануецца абмежаваць магчымасць асобам, унесеным у пералік экстрэмістаў ажыццяўляць рэпетытарскую дзейнасць.
Катаванні і жорсткае абыходжанне
Праваабаронцы працягваюць атрымліваць і дакументаваць інфармацыю аб катаваннях і іншых відах жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, як звязаныя з падзеямі 2020 года, так і падзеі, якія адбываюцца ў бягучы перыяд.
Міжнародная платформа падсправаздачнасці для Беларусі (кансорцыум арганізацый ПЦ “Вясна”, Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі, REDRESS і DIGNITY), якая збірае доказы злачынства супраць чалавечнасці з боку ўладаў Беларусі, прадставіла 10-ю справаздачу аб сваёй дзейнасці: сабрана больш за 38000 дакументаў, задакументавана каля 3000 паказанняў сведак і пацярпелых, прадастаўлены доказы ў Міжнародны крымінальны суд і групу незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі (ААН).
Да Дня палітвязня ПЦ “Вясна” сабрала сведчанні былых палітвязняў аб парушэннях правоў чалавека, жорсткім і негуманным абыходжанні пры этапаванні.
Адзначаны новы выпадак публікацыі з затрыманымі па палітычных матывах відэа прызнанняў, запісаных пад прымусам (т.зв. “пакаяльныя відэа”): Telegram-канал міліцыі г. Мінска апублікаваў відэа з затрыманым у Лагойску мужчынам за тое, што ён пакідаў негатыўныя каментары ў TikTok на адрас А. Лукашэнкі.
Былыя палітзняволеныя жанчыны апісалі практыкі ў жаночай папраўчай калоніі № 4 і ў ШІЗА, якія ўключаюць хранічны холад, пазбаўленне сну, жорсткі рэжым кантролю паводзін і сталы псіхалагічны ціск праз ізаляцыю і зневажальныя працэдуры. Таксама паведамляецца аб сур’ёзных абмежаваннях у побыце і гігіене і ігнараванні медыцынскіх праблем, што ў сукупнасці разглядаецца праваабаронцамі як сістэма жорсткага абыходжання і ціску на зняволеных у Беларусі.
У СІЗА КДБ, паводле сведчанняў былых зняволеных, апісваюцца практыкі псіхалагічнага ціску, уключаючы пазбаўленне арыентацыі ў часе (адсутнасць гадзін, жорсткі распарадак і залежнасць ад тэлевізійнай прапаганды), перапоўненыя камеры з вымушаным сном на драўляных шчытах на падлозе і пастаянную сэнсарную дэпрывацыю. Таксама згадваецца выкарыстанне “мяккага пакоя” для ўтрымання ў нязручных позах і ізаляцыі, што разглядаецца як форма катаванняў і сістэмнага падаўлення зняволеных у Беларусі.
Былы палітвязень Вячаслаў Рагашчук апісаў сістэматычны фізічны гвалт пры затрыманні і ў міліцыі (збіццё, катаванні ў ІЧУ, адмова ў меддапамозе), а таксама цяжкія ўмовы ўтрымання ў СІЗА і калоніі, уключаючы перапоўненыя камеры, карцэр і доўгае памяшканне ў ШІЗА як форму пастаяннага ціску. Асобна ён кажа аб практыцы пакаранняў за найменшыя парушэнні і псіхалагічным уздзеянні праз рапарты, ізаляцыю і паўтараюцца прыніжэньня, якія ў сукупнасці прыводзілі да знясілення і разбурэння псіхічнага стану зняволеных.
